Відавочца расказаў аб крушэнні МіГ-29 пад Ганцавічамі

24.09.2010 14:22
Архив Редакция

Жыхар вёскі Хатынічы Ганцавіцкага раёна Іван Ерашэвіч і яго сын сталі сведкамі крушэння ваеннага знішчальніка МіГ-29, які ўчора, 23 верасня, разбіўся недалёка ад гэтага населенага пункта. Па словах відавочцаў, пілот выканаў віраж на малой вышыні, развярнуўся і пайшоў на зніжэнне.

«Мы ехалі з сынам на рыбалку. Бачым, ляціць самалёт. Спачатку быў чутны гул, а потым самалёт пайшоў на зніжэнне. Мы яшчэ паміж сабой пажартавалі: «Напэўна, цяпер упадзе, неяк нізка ён ідзе». Літаральна прайшло секунд пяць, і над лесам убачылі клуб чорнага дыму, а потым ён стаў светла-шэрым. Самалёт упаў за шэсць кіламетраў ад вёскі Хатынічы», — расказаў Іван Ерашэвіч.

«Пілот зрабіў віраж, па-мойму, ён называецца «бочка», развярнуўся і рэзка пайшоў на зніжэнне, а потым бах! І ўсё!», — дадаў відавочца здарэння. Паводле яго слоў, зніжэнне самалёта доўжылася не больш за дзесяць секунд, перадае «Комсомольская правда в Белоруссии».

«Прайшло хвілін 10-15, і ратавальнікі ўжо ехалі па дарозе. Пад’язджалі да месца авіякатастрофы з суседняй вёскі, таму што так было прасцей. Я па сваёй дурасці вырашыў паглядзець на самалёт, які ўпаў, дапамагчы, але заблудзіўся. Там такое гіблае месца, толькі звяр’ё ходзіць . Калі ўпаў самалёт, здавалася, што гэта адбылося блізка, але на самой справе трэба было прайсці шэсць кіламетраў па балоце. Пакуль выбіраўся з лесу, чуў, як па дарозе ішлі машыны з сірэнамі», — распавёў Іван Ерашэвіч.

Як раней перадаваў Тэлеграф, 23 верасня ў Брэсцкай вобласці пад Ганцавічамі разбіўся ваенны знішчальнік МіГ-29 61-й знішчальнай Баранавіцкай авіяцыйнай базы. Абодва лётчыкі-афіцэры загінулі.

Баранавіцкая міжгарнізонная ваенная пракуратура ўжо распачала крымінальную справу па гэтым факце. Справа ўзбуджаная па частцы 2 артыкула 465 КК Беларусі («парушэнне правілаў палётаў або падрыхтоўкі да іх»). У цяперашні час праваахоўныя органы Беларусі праводзяць расследаванне прычын і акалічнасцяў сітуацыі.

Как вам новость?
Головоломки