Відавочца: спецназ ужыў газ супраць губернатара — відэа

13.06.2011 15:10
Архив Редакция

Пры разгоне з дапамогай слезацечнага газу акцыі пратэсту на памежным пераходзе Брузгі сярод іншых пацярпеў губернатар Гарадзенскай вобласці Сямён Шапіра. Пра гэта паведаміў удзельнік акцыі. "Людзі нічога наогул не рабілі. І дзесьці чалавек 15 дзяцей да 12 гадоў было, якія ўсё гэта бачылі і таксама трапілі пад гэты газ. І губернатар трапіў", — паведаміў ён.

«Гэта была цалкам мірная акцыя на пешаходным пераходзе. Калі прыехала наша гарадское (абласное — Тэлеграф) кіраўніцтва, адразу пачалася размова так. Словы даслоўна нашага губернатара былі: «Не ўсе сёння даедуць дадому»… Вось так ён пачаў сваю размову з народам. Але народ пайшоў на размову. Губернатара слухалі, ён абяцаў, што што-небудзь паспрабуе зрабіць. Народ яго слухаў і ўсё было добра. І дзесьці за хвілін дзесяць да таго, як пачаўся разгон, народ ужо быў гатовы адысці ад дарогі. былі ўжо канкрэтныя пытанні, што нам рабіць у гэтай сітуацыі. І тут з’явіўся АМАП. І тады народ перастаў слухаць губернатара і пайшоў бліжэй да пешаходнага пераходу», — распавёў сведка, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

«Не было падобна, што губернатар чакаў аўтазакаў. Ён фактычна знайшоў агульную мову, ну, дзесяць хвілін засталося весці размову для поўнага вырашэння ўсіх пытанняў, але выступіў АМАП. Гэта паказала, што гаспадар ў нас у горадзе не губернатар, а нехта іншы», — адзначыў сведка.

Ён не змог паведаміць пра колькасць затрыманых, сказаў толькі, што было два аўтазакі. «Калі ўсе стаялі каля аўтазака, губернатару казалі, каб адпусцілі людзей, бо яны нічога не рабілі. Але губернатар нічога не мог сказаць, таму што ён сам быў у шоку, не кожны дзень такія «прыгоды» яму выпадаюць. І ў гэты час зноў АМАП пачаў акружаць аўтазак, пайшоў газ і народ пабег ад аўтазака і ад губернатара Гарадзенскай вобласці», — адзначыў удзельнік падзей.

БХД: людзей вымушаюць пратэставаць

Па словах адказнага сакратара аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніса Садоўскага, «калі людзей даводзяць да роспачы, калі іх пазбаўляюць даходу, які яны мелі раней, яны вымушаныя ісці на меры, якія раней для іх былі непрымальнымі».

«Прыкладам для ўдзельнікаў страйку ў Брузгах сталі аўтакіроўцы, што мітынгавалі супраць павышэння коштаў на бензін. І гэты прыклад, пакажа шматлікім напрамак для дзейнасці. Калі ўлада не зменіць дзяржаўную палітыку, асабліва ў галіне эканомікі, падобныя акцыі паўторацца яшчэ шмат дзе, бо людзі будуць выходзіць, каб купіць хлеба для сваёй сям’і», — адзначыў палітык, паведамілі ў БХД.

«Сёння Беларусі патрэбныя эканамічныя рэформы, якія немагчыма правесці без знешніх датацый. Калі ўлада хоча атрымаць крэдыт ад МВФ, яна абавязана праводзіць і палітычныя рэформы. Таму будзем спадзявацца, што ўлады іх правядуць, і, перш за ўсё, пачнуць з вызвалення палітвязняў», — сказаў Дзяніс Садоўскі.

Як паведамляў Тэлеграф, у Гарадзенскай вобласці на мяжы з Польшчай ў нядзелю, 12 чэрвеня, кіроўцы перакрылі трасу да памежнага пераходу «Брузгі» на знак пратэсту супраць пастановы ўрада Беларусі аб забароне на вываз некаторых тавараў за межы краіны. У страйку, які пачалася каля 18:00, узялі ўдзел больш за 100 чалавек, ёсць затрыманыя.

Как вам новость?