Венесуэла гатова купляць беларускія «супертрактары»

18.10.2010 10:59
Архив Редакция

У ходзе працоўнага візіту ў Беларусь, прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес разам з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам 17 кастрычніка азнаёміўся з выпусканай у Беларусі тэхнікай і нафтагазавым абсталяваннем. Пасля агляду выставы, Уга Чавес выказаў гатоўнасць купляць у Беларусі прадстаўленыя «супертрактары».

Выстава разгарнулася каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Як паведамілі ў Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі, Уга Чавесу спадабаўся прадстаўлены на экспазіцыі новы энерганасычаны трактар «Беларус-3522». Прэзідэнт Венесуэлы сеў за руль і асабіста выпрабаваў у руху навінку беларускага машынабудавання. «Гэта супертрактар, мы гатовыя яго купляць і будзем выпрабоўваць машыну на вялікіх плошчах», — заявіў пасля гэтага Уга Чавес.

Затым прэзідэнт Венесуэлы разам з Аляксандрам Лукашэнкам здзейсніў экскурсію па Нацыянальнай бібліятэцы. У якасці памятнага падарунку венесуэльскаму лідару паднеслі барэльеф Сымона Балівара, выкананы беларускім майстрам Мікалаем Несцярэўскім. Перад кіраўнікамі дзяржаў таксама выступілі артысты музычных калектываў Лацінаамерыканскага культурнага цэнтру імя Сымона Балівара.

Лукашэнка даў абед у гонар Чавеса

Пасля гэтага прэзідэнт Беларусі даў абед у гонар высокага госця з Венесуэлы. «Без сённяшняга дня візіт не быў бы завершаным. Можа быць, сённяшні дзень у чымсьці нават важней, чым учорашні», — заявіў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да свайго венесуэльскага калегі.

У сваю чаргу, Уга Чавес падкрэсліў, што другі дзень яго працоўнага візіту ў Беларусь быў выключна насычаным і плённым.

Как вам новость?