Вестэрвеле: ЕС павінен заняць дакладную пазіцыю па Беларусі

03.01.2011 09:48
Архив Редакция

Міністр замежных спраў Германіі Гіда Вестэрвеле 2 снежня заявіў, што ўрад Нямеччыны не намераны мірыцца з парушэннямі, дапушчанымі падчас прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. У сувязі з гэтым Германія мае намер заахвоціць Еўрапейскі саюз выразна вызначыць сваю пазіцыю і ясна выказацца з гэтай нагоды, адзначыў кіраўнік МЗС Германіі.

«Падаўленне свабоды непрымальнае», — падкрэсліў Гіда Вестэрвеле, асудзіўшы дзеянні беларускіх ўладаў падчас акцыі апазіцыі ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня. Па словах міністра, афіцыйны Берлін будзе настойваць на тым, каб ЕС даў «недвухсэнсоўны адказ на маніпуляцыі і звярнуў увагу беларускіх адказных асобащ на недапушчальнасць падобнай практыкі», паведамляе беларуская служба Deutsche Welle.

Такога ж меркавання прытрымліваецца афіцыйны прадстаўнік федэральнага ўрада Германіі Штэфэн Зайберт. Паводле яго слоў, Германія знаходзіцца на баку тых людзей у Беларусі, хто імкнецца да свабоды і дэмакратыі. «Гвалт, ужытыя прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам супраць апазіцыі, з’яўляецца грубым парушэннем усіх дзяржаўна-прававых асноў», — заявіў Штэфэн Зайберт.

Вестэрвеле раскрытыкаваў рашэнне уладаў закрыць офіс АБСЕ ў Мінску

Акрамя таго, кіраўнік МЗС Германіі таксама падвергнуў крытыцы рашэнне беларускіх уладаў закрыць офіс АБСЕ. На думку Гіда Вестэрвеле, гэта прывядзе да яшчэ большай ізаляцыі краіны.

У сваю чаргу лідар партыі «зялёных» Германіі Клаўдыя Рот лічыць, што закрыццё офісу АБСЕ сведчыць аб намеры Аляксандра Лукашэнкі «ўсімі спосабамі захаваць несправядлівы рэжым і схаваць дапушчаныя парушэнні на прэзідэнцкіх выбарах і іх праўдзівы вынік».

Як раней перадаваў Тэлеграф, многія замежныя чыноўнікі і дыпламаты неадкладна адрэагавалі на падзеі 19 снежня ў Беларусі. У іх ліку — міністры замежных спраў Германіі (Гіда Вестэрвеле), Польшчы (Радаслаў Сікорскі), Швецыі (Карл Більт) і Чэхіі (Карэл Шварцэнберг), якія выступілі з сумесным артыкулам-заявай. У артыкуле міністры рашуча заявілі, што адносіны паміж Еўрапейскім саюзам і прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам пасля 19 снежня не могуць застацца ранейшымі. На думку еўрапейскіх міністраў, нават падзеі ў Сербіі ў 2000 годзе пры прэзідэнце Слабадане Мілошавічы «блякнуць на фоне падзей у Мінску 19 снежня».

Разам з тым у канцы студзеня 2011 года пройдзе пасяджэнне Рады міністраў замежных спраў ЕС. Плануецца, што менавіта тады ЕС агучыць сваю афіцыйную пазіцыю па сітуацыі, якая склалася ў Беларусі, а таксама з нагоды ўдзелу краіны ў праекце «Усходняга партнёрства».

Как вам новость?