Выконваць абавязкі Лужкова будзе ўраджэнец Мінску

28.09.2010 13:20
Архив Редакция

Месца адпраўленага ў адстаўку мэра Масквы Юрыя Лужкова часова зойме ўраджэнец Мінску Уладзімір Рэсін, які курыраваў будаўнічую галіну сталіцы РФ. 74-гадовы Уладзімір Рэсін быў найстарэйшым сярод намеснікаў маскоўскага мэра. Падчас адсутнасці Юрыя Лужкова менавіта на Уладзіміра Рэсіна, як правіла, ўскладаліся паўнамоцтвы выканаўцы абавязкаў кіраўніка горада.

Бацькі Уладзіміра Рэсіна Іосіф Гілімавіч і Роза Вольфаўна былі рэпрэсаваныя, затым амніставаныя.

У 1958 годзе Уладзімір Рэсін скончыў Маскоўскі горны інстытут па спецыяльнасці «эканоміка і арганізацыя горнай прамысловасці». Затым паступіў у аспірантуру пры кафедры «Будаўніцтва падземных збудаванняў і шахтаў» горнага інстытуту. Таксама Уладзімір Рэсін скончыў спецыяльныя курсы павышэння кваліфікацыі кіраўнікоў вышэйшага звяна дзяржаўных органаў кіравання Акадэміі народнай гаспадаркі СССР, школу мэнэджараў Саюза навуковых і інжынерных таварыстваў.

Доктар эканамічных навук, прафесар. Заслужаны будаўнік Расійскай Федэрацыі.

Уладзімір Рэсін жанаты, мае дачку.

Урад Масквы курыруе буйныя будаўнічыя праекты ў Мінску

Так, у 2009 годзе на цырымоніі адкрыцця Дома Масквы ў беларускай сталіцы Уладзімір Рэсін, які ўзначальваў дэлегацыю РФ, заявіў, што Беларусь і Масква з’яўляюцца стратэгічнымі партнёрамі, паміж якімі склаліся партнёрскія адносіны, перадае сайт АДС.

Акрамя Дома Масквы, маскоўскія ўлады ўзводзяць у Мінску шэраг іншых буйных аб’ектаў. Першы — гэта новы мікрараён «Маскоўскі» на 114 тыс. квадратных метраў жылля. Другі — жылы раён «Лябяжы» на 460 тыс. квадратных метраў. Трэці аб’ект — «Мінск-Сіці» на 3 мільёны квадратных метраў розных плошчаў. Уладзімір Рэсін з’яўляецца старшынём Назіральнага савета апошняга праекту, пад які адведзена больш за 300 гектараў зямлі — у тры разы больш, чым займае «Масква-Сіці». Рэалізацыя праекту разлічана да 2020 года.

Как вам новость?