Вынікі Дня без аўтамабіля ў Беларусі: продаж бензіну ўпаў на 12%

24.09.2010 11:07
Архив Редакция

Паводле даных канцэрну "Белнафтахім", у Дзень без аўтамабіля 22 верасня ў Беларусі продаж бензіну знізіўся прыкладна на 12% у параўнанні з 15 верасня, продаж дызельнага паліва — на 8%. Як паведамілі ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі, гэта дазволіла прадухіліць выкіды ў атмасферу каля 250 тон забруджвальных рэчываў.

У мінпрыроды паведамілі, што міжнародную экалагічную акцыю падтрымалі міністэрства юстыцыі, Мінтранс, МУС, Мінскі гарадскі і абласны выканкамы. «Кіраўнікі гэтых ведамстваў на асабістым прыкладзе даказалі свой клопат аб ахове навакольнага асяроддзя», — адзначыў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Уладзімір Цалко.

Паводле інфармацыі Рэспубліканскага цэнтра радыяцыйнага кантролю і маніторынгу навакольнага асяроддзя, у дзень правядзення акцыі ў асобных раёнах Мінска колькасць транспартных сродкаў знізілася на 10-20%. Канцэнтрацыя дыяксіду азоту і фармальдэгіду (асноўныя забруджвальнікі ад аўтамабільнага транспарту) у горадзе знізілася ў 1,5-3 разы. Таксама 22 верасня прыкладна 25% работнікаў буйных прамысловых прадпрыемстваў Мінска (МАЗ, МТЗ, «Атлант») адмовіліся ад выкарыстання аўтатранспартных сродкаў, перадае БелТА.

У Магілёўскай вобласці ў акцыі прынялі ўдзел 22 гарады. Аб’ём рэалізаванага паліва ў параўнанні з 15 верасня знізіўся тут на 14%, а колькасць аўтатранспарту на дарогах — прыкладна на 10%.

У Гомелі ў дзень акцыі ў велапрабегу ўдзельнічалі 3,5 тыс. чалавек

У Гомелі ў дзень акцыі колькасць аўтатранспарту на дарогах знізілася на 8-8,5%. У горадзе правялі дзевяць велапрабегаў, у якіх прынялі ўдзел больш за 3,5 тыс. чалавек. У акцыі прыняў удзел 21 горад вобласці.

У Гародні колькасць аўтатранспарту на дарогах знізілася на 10-11%, а пасажырапаток павялічыўся на 6%. На 15-20% знізілася ўтрыманне ў паветры забруджвальных рэчываў. Акцыя праведзеная ў 18 гарадах рэгіёну. У Віцебску і Берасці таксама зафіксавана зніжэнне канцэнтрацый шкодных рэчываў да 40%.

Разам з тым, як паведамілі ў мінпрыроды, ідэя акцыі, накіраванай на прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблемы выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра ад аўтатранспарту, разлічана не на адзін дзень, а на доўгатэрміновую перспектыву.
 
Як раней перадаваў Тэлеграф, у Беларусі ў рамках акцыі «Дзень без аўтамабіля» праезд у грамадскім транспарце для вадзіцеляў зрабілі бясплатным. Для бясплатнага праезду ўладальніку аўто дастаткова было прад’явіць вадзіцельскія правы і тэхпашпарт аўто.

Аднак не ўсе гарады Беларусі далучыліся да міжнароднай акцыі. Так, у Віцебску з-за цяжкага фінансавага становішча не змаглі забяспечыць бясплатны праезд у грамадскім транспарце для ўладальнікаў машын. У мінпрыроды паведамілі, што Віцебск апынуўся адзіным з абласных цэнтраў Беларусі, дзе не змаглі падтрымаць прапанову эколагаў.

Как вам новость?
Головоломки