Вытворцы ўгнаенняў просяць ЕС увесці санкцыі супраць "Беларуськалія"

11.04.2011 15:05
Архив Редакция

Вытворцы калійных угнаенняў Вялікабрытаніі, Германіі і Іспаніі плануюць звярнуцца да кіраўніцтва Еўрапейскага саюза з просьбай усталяваць эканамічныя бар'еры для абмежавання імпарту калійных угнаенняў з Беларусі і Расіі. Пра гэта 8 красавіка паведаміў прэс-сакратар нямецкай кампаніі K+S AG Майкл Вудоніг. Паводле яго слоў, еўрапейскіх вытворцаў неабходна абараніць ад "несумленнай цаны" беларускага і расійскага экспарту.

З падобным зваротам да кіраўніцтва ЕС маюць намер звярнуцца нямецкая кампанія K+S AG і іспанскі і брытанскі філіял транснацыянальнай карпарацыі Israel Chemicals Ltd., Перадае Reuters.

Узрослы попыт на культуры, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасці прадуктаў харчавання і біяпаліва, павысіў попыт і на калійныя ўгнаенні. Вытворцы асцерагаюцца, што праз закрыццё калійных шахтаў у Еўропе рэгіён стане залежным ад замежных вытворцаў.

У сувязі з гэтым Еўрапейская асацыяцыя вытворцаў калійных угнаенняў просіць кіраўніцтва ЕС падоўжыць на пяць гадоў дзеянне імпартных пошлін, дзеянне якіх заканчваецца ў ліпені. Калі ж Еўрапейская камісія прыме на разгляд запыт асацыяцыі, у яе будзе 15 месяцаў для прыняцця рашэння аб прадаўжэнні дзеяння імпартных пошлінаў. На працягу ўсяго гэтага часу будуць дзейнічаць цяперашнія тарыфы.

Разам з тым еўрапейскія імпарцёры выступаюць супраць падаўжэння дзеяння пошлін і высокіх тарыфаў (да 27,5%). На іх думку, дадзеная мера прывядзе да недахопу калійных угнаенняў на еўрапейскім рынку і павышэння іх сабекошту для фермераў, бо перспектывы пашырэння ўнутранай вытворчасці калійных угнаенняў у Еўропе няма.

«Наяўнасць імпарту па справядлівай цане вельмі важная для сельскагаспадарчай вытворчасці», — адзначыў Джон Сколэй, гендырэктар кампаніі Fintec, якая займаецца пастаўкамі беларускіх калійных угнаенняў.

Как вам новость?
Головоломки