Вячорка: Еўропа планавала чарговы тэрмін Лукашэнкі

04.11.2010 15:19
Архив Редакция

Былы старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка лічыць, што Еўропа не проста змірылася з тым, што дзейны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка высоўваецца на чарговы тэрмін, а загадзя планавала такі ход падзей. Больш за тое, палітык перакананы, што гэта было зроблена "па ўзгадненні з тымі прадстаўнікамі ўлады, якія пазіцыянавалі сябе "галубамі"".

«Асобным прадстаўнікам апазіцыі была прапанаваная канцэпцыя расколу апазіцыі, якая ажыццёўлена; у выніку апазіцыя маргіналізавалася, і цяпер Еўропа заяўляе: няма чаго гаварыць з апазіцыяй — будзе размаўляць непасрэдна з Лукашэнкам», — заявіў Вінцук Вячорка.

У той жа час апазіцыйны палітык лічыць, што падобнае змяненне ў падыходзе Еўропы да Беларусі ні ў эканамічным, ні ў палітычным плане не паўплывала на разварот залежнасці Беларусі ад Расіі, перадае «Беларускі партызан».

«Пачаўшы гульню з Лукашэнкам і садзейнічаючы расколу апазіцыі, Еўропа занялася перазагрузкай адносінаў з Расіяй — як і НАТО, і абамаўская адміністрацыя (прэзідэнта ЗША Барака Абамы — Тэлеграф). У кожнага з бакоў ёсць свой геапалітычны інтарэс, і інтарэс гэты не заўсёды супадае з інтарэсамі Беларусі — свабодай і незалежнасцю», — падкрэсліў Вінцук Вячорка.

Нядаўнія візіты ў Беларусь высокіх еўрапейскіх чыноўнікаў (міністраў замежных справаў Польшчы і Германіі Радаслава Сікорскага і Гідо Вэстэрвеле і кіраўніка ведамства канцлера ФРГ, Федэральнага міністра па асобых даручэннях Рональда Пафалы) Вінцук Вячорка лічыць «лагічным працягам новай лініі ў дачыненні да Лукашэнкі і беларускай улады». Еўропа, па словах палітыка, агучыла і пачала ажыццяўляць гэтую палітыку яшчэ ў 2008 годзе.

Вячорка: ніякія морквіны не вымусяць Лукашэнку правесці дэмакратызацыю

«Здвоены візіт двух міністраў замежных спраў — адной з найбуйнейшых краін Еўрапейскага Саюза і буйнога суседа Беларусі — павінен быў прадэманстраваць волю і важнасць для ЕС ўзаемаадносін з Беларуссю. Але першая рэакцыя ўжо агучана вуснамі кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Уладзіміра Макея: ніякія морквіны не вымусяць лукашэнкаўскую ўладу пайсці на дэмакратызацыю. Увесь наступны ход прэзідэнцкай кампаніі будзе насіць толькі касметычныя новаўвядзенні — і не больш за тое», — упэўнены Вінцук Вячорка.

Адносна візіту Рональда Пафалы эксперт адзначыў, што раней германскі міністр прыязджаў як носьбіт галоўных еўрапейскіх каштоўнасцяў: дэмакратыі, свабоды, імкнення да незалежнасці. Цяпер жа, па словах Вінцука Вячоркі, міністр прыехаў «з мэтай ўраўнаважыць відавочны прагматызм, які прачытваецца ў папярэднім візіце двух міністраў».

Как вам новость?