Вялікабрытанія асуджае прысуды па "справе 19 снежня"

09.03.2011 14:20
Архив Редакция

Міністр Вялікабрытаніі па справах Еўропы Дэвід Лідынгтан 5 сакавіка зрабіў заяву адносна беларускай сітуацыі. "Злучанае Каралеўства хацела б зноў заявіць аб сваёй сур'ёзнай заклапочанасці з нагоды  парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі", — сказаў ён і дадаў, што Вялікабрытанія "самым рашучым чынам асуджае" прысуды па "справе 19 снежня".

«Заклікаючы і раней да неадкладнага, безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 гады, Вялікабрытанія глыбока шкадуе з нагоды пачатку судовых працэсаў у дачыненні да затрыманых», — сказаў Дэвід Лідынгтан.

«Вялікабрытанія асуджае самым рашучым чынам апошнія прысуды Васілю Парфянкову, Дзмітрыю Новіку, Аляксандру Малчанаву і Аляксандру Атрошчанкаву — ад трох да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Прызнанне падсудных вінаватымі выглядае палітычна матываваным і цалкам неадпаведным абвінавачванням — напрыклад, чатыры гады пазбаўлення волі толькі за нанясенне ўдараў па драўляным імправізаваным бар’еры», — кажа Дэвід Лідынгтан.

Акрамя таго, па словах міністра, Вялікабрытанія «глыбока занепакоеная відавочным ціскам на адвакатаў затрыманых, у прыватнасці, пазбаўленнем адвакацкіх ліцэнзій па просьбе міністэрства юстыцыі».

«Мы былі шакаваныя заявай Алеся Міхалевіча 28 лютага наконт таго, як з ім абыходзіліся падчас утрымання ў КДБ, і заклікаем беларускія ўлады правесці своечасовае, дбайнае і бесстаронняе расследаванне ўсіх паведамленняў аб прымяненні катаванняў, фізічнага прымусу і запалохвання. Вялікабрытанія заклікае Беларусь не ізаляваць краіну далей ад міжнароднай супольнасці, дэманструючы такое абуральнае грэбаваннем міжнароднымі стандартамі правасуддзя», — прыводзіць тэкст заявы дыпламата сайт МЗС Вялікабрытаніі.

«І мы заклікаем Беларусь — яшчэ раз — вызваліць усіх палітычных зняволеных і неадкладна зняць усе абвінавачанні супраць іх. Гэта было б крокам на шляху да аднаўлення дыялогу з міжнароднай супольнасцю», — дадаў Дэвід Лідынгтан.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Алесь Міхалевіч заявіў, што ў следчым ізалятары КДБ у Мінску, адкуль ён быў нядаўна вызвалены, актыўна прымяняюцца катаванні.

Вядучая юрыдычная фірма Вялікабрытаніі H2O Law заявіла, што збіраецца падаць іск супраць «прэзідэнта былой савецкай рэспублікі Аляксандра Лукашэнкі», паколькі мае «доказамі аб сістэматычных катаваннях у турмах беларускага КДБ».

Как вам новость?
Головоломки