Вярхоўны суд адхіліў скаргу БАЖ на папярэджанне мінюста

22.03.2010 17:59
Архив Редакция

Вярхоўны суд Беларусі адмовіўся адмяніць папярэджанне ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", якое арганізацыі вынесла міністэрства юстыцыі. Такім чынам ВС пакінуў у моцы ўсе прэтэнзіі мінюста да БАЖ, уключаючы патрабаванне сабраць на працягу месяца ўсе выдадзеныя раней пасведчанні (бэджы) са словам "прэса" і "забяспечыць далейшую немагчымасць іх выкарыстання".

Акрамя таго, мінюст лічыць, што дзейнасць Цэнтра прававой абароны СМІ пры ГА «БАЖ» не прадугледжана статутам арганізацыі, а «задачы дадзенага падраздзялення, выкладзеныя ў пастанове пра яго, выходзяць за рамкі статутных задач ГА «БАЖ» і тым самым супярэчаць яго статуту, нагадалі ў прэс-службе арганізацыі.

Па-трэцяе, як заявілі ў міністэрстве, на сайце арганізацыі змешчаны інфармацыя пра мэты дзейнасці БАЖ, якія «не адпавядаюць статутным». У гэтым выпадку, як высветлілася ў судзе, маецца на ўвазе частка «Пра БАЖ», дзе пра асноўныя мэты дзейнасці арганізацыі распавядаецца ў вольнай форме, а не цытатамі са статуту арганізацыі. 

Па выніках паседжання Вярхоўнага суда старшыня БАЖ Жана Літвіна паведаміла, што на наступным тыдні збярэцца рада арганізацыі, якая прыме рашэнне адносна далейшых дзеянняў.

«Мы зробім усё, каб чальцы БАЖ (іх налічваецца каля тысячы чалавек — Тэлеграф) усё адно мелі пасведчанні, якія пацвярджалі б іх чалецтва ў нашай арганізацыі. Да таго ж рашэнне суда не адмяняе выкладзеных у нашым статуце задач, якія ў першую чаргу тычацца прававой падтрымкі чальцоў БАЖ», — падкрэсліла Жана Літвіна.

Как вам новость?
Головоломки