Вярхоўны суд не дазволіў праводзіць у Беларусі аўтарэферэндум

09.07.2010 12:57
Архив Редакция

Суддзя Вярхоўнага суду Галіна Жукоўская падтрымала рашэнне Цэнтрвыбаркама аб нерэгістрацыі ініцыятыўнай групы правядзення рэферэндуму па ўвазных пошлінах на аўтамабілі на той падставе, што пытанне, якое планавалі вынесці на рэферэндум, не прадугледжвае адназначнага адказу. У сувязі з гэтым Вярхоўны суд Беларусі адхіліў скаргу незарэгістраванай ініцыятыўнай групы.

Як раней паведамляў Тэлеграф, пасля падпісання пагаднення аб стварэнні Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі, Партыя БНФ прыступіла да фармавання ініцыятыўнай групы па правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму супраць павышэння ўвазных пошлін на легкавыя аўтамабілі.

Аднак 20 траўня Цэнтрвыбаркам адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы на той падставе, што міністэрства юстыцыі і Генеральная пракуратура палічылі некарэктнай фармулёўку пытання, якое выносіцца на рэфэрэндум: «Ці падтрымліваеце вы захаванне памеру мытных пошлінаў на ўвоз у Рэспубліку Беларусь легкавых аўтамабіляў замежнай вытворчасці на ўзроўні 26 лістапада 2009 года?»