Вярхоўны суд Беларусі адмовіўся ўзбуджаць справу па скарзе экс-кандыдата ў прэзідэнты ад Партыі БНФ Рыгора Кастусёва на фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Пра гэта гаворыцца ў пісьмовым адказе Вярхоўнага суда, які палітык атрымаў 11 студзеня. Паводле ліста, суддзя Г.К. Жукоўская вырашыла не ўзбуджаць справу з прычыны "адсутнасці падстаў для яе ўзбуджэння".
«Я, вядома, ведаў, што такое рашэнне і будзе. Яшчэ да разгляду маёй заявы такое рашэнне агучыў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік. Таму ні аб чым новым з гэтага ліста я не дазнаўся. Вярхоўны суд фармальна даслаў паперку з вядомым рашэннем», — цытуе прэс-служба ПБНФ словы Рыгора Кастусёва.
Як раней перадаваў Тэлеграф, экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў падаў заяву ў Вярхоўны суд Беларусі з просьбай перагледзець рашэнне Цэнтральнай выбарчай камісіі аб прызнанні вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Як паведамілі ў ПБНФ, заява ўключае ў сябе пералік парушэнняў, зафіксаваных назіральнікамі, членамі выбарчых камісій і даверанымі асобамі кандыдатаў.
Між тым сакратар ЦВК Беларусі Мікалай Лазавік заявіў, што Вярхоўны суд не можа разглядаць скаргу Рыгора Кастусёва. «Рашэнне Цэнтрвыбаркама аб прызнанні вынікаў выбараў абскарджвацца ў Вярхоўным судзе не можа. Гэта не прадугледжваецца выбарчым заканадаўствам», — сказаў ён. У той жа час у беларускім заканадаўстве магчымасць абскарджання прапісаная.