Вік: выбар адзінага кандыдата ад апазіцыі найбольш эфектыўны

13.05.2010 12:02
Архив Редакция

Выбар адзінага кандыдата, які прадстаўляў бы апазіцыю і грамадзянскую супольнасць на хуткіх выбарах прэзідэнта Беларусі, — найбольш эфектыўная тактыка. Такое меркаванне выказаў экс-кіраўнік місіі АБСЕ ў Мінску Ганс-Георг Вік.

«Наяўнасць некалькіх кандыдатаў з самымі рознымі інтарэсамі пагражае распыленнем сіл апазіцыі, якое падрывае давер насельніцтва ў дачыненні да дэмакратычных сіл, а таксама кажа пра іх недзеяздольнасць», — прыводзіць словы Ганса-Георга Віка беларуская служба «Deutche Welle».
На думку эксперта, адзіны кандыдат павінен вызначацца шляхам перамоваў і дыскусій з удзелам розных бакоў: «Адзіным кандыдатам не абавязкова павінен быць чалавек, які набраў найбольшую колькасць подпісаў выбаршчыкаў. Адной матэматыкі з подпісамі не дастаткова для таго, каб зразумець, якой сімпатыяй і падтрымкай кандыдат насамрэч карыстаецца. Ёсць яшчэ шмат іншых фактараў».
Што да раздробненасці ў беларускай апазіцыі, то экс-кіраўнік місіі АБСЕ ў Мінску мяркуе, што гэта «зусім натуральны працэс у сітуацыі, калі дэмакратычныя сілы не могуць штодня ўдзельнічаць у прыняцці палітычных рашэнняў у краіне, што магло б іх кансалідаваць».
«Цяпер апазіцыя не прадстаўлена ў парламенце і іншых інстытутах дзяржаўнай улады, а незалежныя кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі былі маргіналізаваны пасродкам маніпуляцый на папярэдніх выбарах. Адрозненне ў меркаваннях прадухіліць нельга», — заявіў Ханс-Георг Вік.

Как вам новость?