Вільня спадзяецца пераканаць Мінск адмовіцца ад АЭС

12.07.2010 15:01
Архив Редакция

Літва спадзяецца пераканаць Беларусь адмовіцца ад будаўніцтва ўласнай атамнай электрастанцыі на мяжы з Літвой наўзамен на супрацоўніцтва ў сферы атамнай энергетыкі. Пра гэта заявіў 12 ліпеня прэм'ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс.

«Дамагаючыся такога супрацоўніцтва, Літва магла б пераканаць Беларусь у тым, што будаваць электрастанцыю у беларуска-літоўскай мяжы «не мудра». Калі мы рашуча будзем ажыццяўляць нашы планы па будаўніцтве ўласнай АЭС, і не будзем вагацца, будзем раіцца з суседзямі, паслядоўна ісці наперад са сваімі планамі, быць можа, тады нейкія планы суседзяў зменяцца. Але для гэтага трэба не дапускаць неразумення нашых планаў», — сказаў літоўскі прэм’ер.

У Балтыйскім рэгіёне адразу чатыры дзяржавы плануюць будаўніцтва ўласных атамных электрастанцыяў — Літва, Беларусь, Польшча і Расія. Пры гэтым Літва выступае рэзка супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі. Літоўскія ўлады, эксперты і грамадскасць выказваюць боязь, што ў выпадку аварыі на будучай беларускай АЭС тэрыторыя Літвы можа апынуцца забруджанай на 80%, а Вільня і зусім будзе знішчана. Узвядзенне беларускай АЭС было названа на грамадскіх слуханнях у Літве «генацыдам літоўскага народа», паведамляе БелаПАН.

У той жа час працы па будаўніцтве атамнай электрастанцыі ў самой Літве рухаюцца. Андрус Кубілюс выказаў упэўненасць у тым, што да пачатку наступнага года знойдзецца стратэгічны інвестар, і тады «разам з латышамі, эстонцамі і палякамі і пачнецца будаўніцтва».

Как вам новость?