Восем палітыкаў пацвердзілі жаданне ісці на выбары прэзідэнта

15.09.2010 10:09
Архив Редакция

Пасля таго, як парламент Беларусі абвясціў дату прэзідэнцкіх выбараў, восем беларускіх палітыкаў пацвердзілі свой намер балатавацца на пасаду кіраўніка дзяржавы. У той жа час некаторыя прадстаўнікі дэмакратычных сілаў краіны канчаткова яшчэ не вызначыліся.

Так, сярод тых, хто ўжо вырашыў вылучаць сваю кандыдатуру, лідар лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч, намеснік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Юры Глушакоў, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук, паведамляе БелаПАН.

Як раней перадаваў Тэлеграф, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў 14 верасня таксама пацвердзіў свой намер удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. «Я пацвярджаю свой намер удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. Упэўнены, што ў беларусаў ёсць рэальны шанец пазбавіцца ад дыктатуры і зрабіць сваю краіну нармальнай еўрапейскай дзяржавай», — заявіў палітык.

Таксама ўдзельнічаць у прэзідэнцкай гонцы гатовы лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў. Палітык заявіў аб тым, што на будучых выбарах шанцы дэмакратычных сіл на перамогу вельмі вялікія.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі таксама прынялі рашэнне ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах.

Аб жаданні вылучыць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкі пост нядаўна паведаміў старшыня савету Асацыяцыі малога і сярэдняга бізнэсу Віктар Цярэшчанка.
 
Разам з тым, лідар Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч плануе аб’явіць канчаткова, ці будзе ён балатавацца ў прэзідэнты, 17 верасня. Пра гэта распавёў яго намеснік Юры Губарэвіч.

Как вам новость?