ВУП Беларусі вырас за пяць месяцаў на 6,4%

28.06.2010 14:47
Архив Редакция

За студзень-травень 2010 валавы ўнутраны прадукт Беларусі вырас на 6,4% да ўзроўню студзеня-траўня папярэдняга года пры гадавым прагнозе росту 11-13%. За аналагічны перыяд 2009 года ВУП вырас на 0,7%, за студзень-красавік гэтага года — 6,1%.

У ВУП дабаўленая вартасць прамысловасці склала 30,8%, сельскай гаспадаркі — 2,9%, будаўніцтва — 10,2%, транспарту і сувязі — 8,7%, гандлю і грамадскага харчавання — 11,8%, паведамілі ў міністэрстве эканомікі.

У студзені-траўні 2010 года ў параўнанні з адпаведным перыядам 2009 года індэкс фізічнага аб’ёму вытворчасці прадукцыі прамысловасці па наборы тавараў-прадстаўнікоў вырас на 7,7%, пры прагнозе на 2010 год — 10-12%. У студзені-траўні мінулага года да ўзроўню студзеня-траўня 2008 года індэкс вытворчасці прадукцыі прамысловасці знізіўся на 3,3%, у студзені-красавіку 2010 года вырас на 6,1%.

У прамысловасці найбольшы рост у параўнанні з 2009 годам зафіксаваны ў хімічнай і нафтахімічнай сферах (на 23,1%). У электраэнергетычнай галіне рост склаў 12,5%, у лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці — 11,5%, у лёгкай прамысловасці — 11,4%, у харчовай прамысловасці — 9,3%, у прамысловасці будаўнічых матэрыялаў — 8,2%, у чорнай металургіі — 7,3%, у машынабудаванні і металаапрацоўцы — 5%.

Пры гэтым, у хімічнай, нафтахімічнай і харчовай прамысловасці прырост вытворчасці быў забяспечаны без «эфекту базы», бо на працягу ўсяго 2009 года ў гэтых галінах прасочвалася станоўчая дынаміка, адзначылі ў Мінэканомікі.

Вытворчасць спажывецкіх тавараў у студзені-тразні 2010 года да ўзроўню адпаведнага перыяду 2009 года склала 110,6% пры гадавым прагнозе росту 114-115%. Так вытворчасць харчовых тавараў вырасла на 10,7% (прагноз на 14-15%), нехарчовых спажывецкіх тавараў — на 11,1% (прагноз на 14-15%). Да ўзроўню першага квартала 2010 года вытворчасць спажывецкіх тавараў узрасла на 1,3 працэнтных пункта, у тым ліку нехарчовых — на 3,4.

Энергаёмістасць ВУП у студзені-красавіку 2010 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2009 года знізілася на 1,2% пры прагнозе зніжэння ў 2010 годзе на 8-10%.

У студзені-траўні 2010 года аб’ём вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі да ўзроўню адпаведнага перыяду 2009 склаў на 105,5% пры прагнозе на 2010 год 110-111%.

На развіццё эканомікі ў студзені-траўні гэтага было выкарыстана каля 15,4 трлн. рублёў (5,1 млрд. даляраў) інвестыцый у асноўны капітал. Такім чынам, да ўзроўню студзеня-траўня 2009 года ў супастаўных цэнах інвестыцыі павялічыліся на 0,3% пры прагнозе на год 23-25%.

Адмоўнае сальда знешняга гандлю ў студзені-красавіку 2010 года перавысіла мільярд даляраў

Аб’ём знешняга гандлю таварамі і паслугамі па метадалогіі аплатнага балансу ў фактычных цэнах вырас на 20,8% да ўзроўню студзеня-красавіка 2009 года пры прагнозе росту на год 24-25%, у тым ліку экспарт — вырас на 29,5% (прагноз — 27-28%), імпарт — на 14,1% (прагноз — 20-21%).

У студзені-красавіку 2010 года адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі склала 1,345 млрд. даляраў. Паводле гадавога прагнозу, велічыня адмоўнага сальда вагаецца ў дыяпазоне 4,6-4,7 млрд. даляраў. Вартасны аб’ём экспарту тавараў у параўнанні са студзенем-красавіком 2009 года ў фактычных цэнах склаў 129,5%, імпарту — 113,2%.

У студзені-красавіку 2010 года сфармавалася адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі ў памеры 2,063 млрд. даляраў. За аналагічны перыяд мінулага года велічыня адмоўнага сальда складала 2,62 млрд. даляраў.
 
Паводле дадзеных Нацбанка Беларусі, экспарт паслуг у студзені-красавіку 2010 года склаў 1,33 млрд. даляраў, павялічыўшыся ў параўнанні са студзенем-красавіком папярэдняга года на 32,1%. Імпарт склаў 713,1 млн. даляраў. Ён узрос на 30,3%. Дадатнае сальда знешнегандлёвага балансу паслуг склала 617 млн. даляраў.

Как вам новость?
Головоломки