WikiLeaks можа апублікаваць 1014 тэлеграмаў амбасады ЗША ў Мінску

30.11.2010 15:11
Архив

Скандальна вядомы сайт WikiLeaks, які займаецца публікацыяй дакументаў, якія сталі даступнымі дзякуючы ўцечцы інфармацыі, анансаваў публікацыю перапіскі дзярждэпартаменту ЗША з амерыканскімі пасольствамі ў розных краінах. Сярод іх ёсць і тэлеграмы з амбасады ЗША ў Мінску - усяго 1014 дакументаў.

Беларусь ужо некалькі разоў згадвалася ў апублікаваных дакументах. У адным з іх (матэрыялах нарады ў парыжскай амбасадзе ЗША) адзначаецца, што Расія аддае перавагу ўступленню не ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, а ў Мытны саюз, паведамляе беларуская служба Радыё «Свабода».

Другі раз Беларусь згадваецца ў ліку іншых краін як партнёр па ваенным супрацоўніцтве з некаторымі афрыканскімі краінамі (дэталі не расшыфроўваюцца). У трэцім паведамленні адзначаецца, што сенатар ЗША Джозаф Ліберман вяртаецца з Масквы праз Мінск.

Чарговае згадванне Беларусі ў апублікаваных матэрыялах з’явілася ў панядзелак, 29 лістапада. Сайт апублікаваў справаздачу супрацоўніка амбасады ЗША ў Маскве аб сітуацыі з пастаўкамі самалётаў Boeing у Беларусь і Казахстан, перадае «Наша Ніва».

Расія ў 2010 годзе запатрабавала, каб Беларусь і Казахстан, купляючы або беручы ў лізінг замежную авіятэхніку, ужывалі расійскія тарыфы. Як следства, авіякампаніі краін Мытнага саюза абавязаны выплочваць пошліну за ўсю новую авіятэхніку, якая не падпадае пад выняткі. Расійскі бок таксама запатрабаваў, каб пасля ўступлення ў сілу ўзгодненых тарыфаў 20 ліпеня 2010 года ўжо не ўводзіліся новыя выняткі. У выпадку іх увядзення, новая пошліна на імпарт замежнай авіятэхнікі пацягне сур’ёзныя наступствы для паставак Boeing сваіх самалётаў у Беларусь і Казахстан.

«На Airbus, дзякуючы дамове аб вызваленні ад пошлінаў, заключанага ў 2009 годзе, гэтыя новыя правілы распаўсюджвацца, мяркуючы па ўсім, ва ўсіх трох краінах не будуць», — паведаміў у Вашынгтон амерыканскі дыпламат.

Падрабязнасці астатніх тэлеграмаў з амбасады ЗША ў Мінску пакуль невядомыя.