Харкавец: людзі маюць права патрабаваць фінансавання антыалкагольнай кампаніі

07.10.2010 17:22
Архив Редакция

Калі даходы ад рэалізацыі алкаголю ідуць у бюджэт, то грамадства мае права патрабаваць, каб з бюджэту фінансавалася процідзеянне п'янству. Пра гэта паведаміў міністр фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец у сераду, 6 кастрычніка, на сустрэчы з прадстаўнікамі антыалкагольнай кампаніі.

Актывісты прапанавалі ўлічваць асобным артыкулам у бюджэце ўсе паступленні ад рэалізацыі спіртнога (у тым ліку слабаалкагольных напояў), тытунёвых вырабаў, а таксама іх рэкламы. Прадстаўнікі антыалкагольнай кампаніі таксама настойваюць на тым, каб усе гэтыя сродкі выдаткоўваліся выключна на сацыяльныя праграмы і на процідзеянне тытунёвай-алкагольнай агрэсіі, перадае «Народная Воля».

Па гэтым пытанні міністр растлумачыў, што часткова гэтая мера рэалізавана. У прыватнасці, паступленні акцыза на спіртазмяшчальную прадукцыю ўлічваецца асобна. Таксама, бюджэтныя сродкі накіроўваюцца на праграмы, якія садзейнічаюць цвярозасці. Сродкі атрымліваюць міністэрствы, у прыватнасці Міністэрства аховы здароўя і МНС, а міністэрства інфармацыі атрымлівае рэсурсы на вытворчасць і распаўсюджванне сацыяльнай рэкламы. Грамадскія арганізацыі, якія спрыяюць замацаванню цвярозасці, таксама маюць права на частку гэтых рэсурсаў.

Наступная прапанова актывістаў — уключыць прадстаўнікоў антыалкагольнай грамадскасці ў міжведамасную працоўную групу па падрыхтоўцы праекту бюджэту на 2011 год, дзе яны змаглі б прадставіць свае прапановы па радыкальным зніжэнні п’янства і тытунекурэння ў Беларусі, паведамілі ў МГА «Добрая Воля»

Па гэтым пытанні міністр фінансаў растлумачыў, што пра бюджэт 2011 года казаць ужо позна, бо дакумент прыняты парламентам. Што датычыцца бюджэту 2012 года, Андрэй Харкавец не падтрымлівае ідэю ўключыць у працоўную групу прадстаўнікоў антыалкагольнага руху. Па словах міністра, гэта супярэчыць традыцыям распрацоўкі бюджэту. Акрамя таго, грамадскасць у групе распрацоўнікаў бюджэту прадстаўляюць прадпрымальніцкія саюзы.

Прадстаўнікі грамадскасці таксама пацікавіліся, ці можа мінфін прадставіць на сваёй тэрыторыі залу для антыалкагольных сходаў. Андрэй Харкавец адказаў, што міністэрства фінансаў — рэжымны аб’ект, і шмат людзей, хутчэй за ўсё, не прапусціць ахова.

Па традыцыі, прынятай у арганізацыі «Добрая воля», міністру перадалі ў падарунак Біблію, якую Андрэй Харкавец з удзячнасцю прыняў.

Как вам новость?