Іхтыёлагі: у рэках Беларусі расце колькасць чужароднай рыбы

09.07.2010 13:43
Архив Редакция

За апошнія гады ў беларускіх рэках прыкметна вырасла колькасць чужародных відаў рыбы. Гэта прыводзіць да падаўлення і выцяснення традыцыйных для Беларусі відаў, бо апошнія часта не вытрымліваюць канкурэнцыі, расказаў загадчык лабараторыі іхтыялогіі Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах НАН Беларусі Віктар Рызеўскі.

Распаўсюджванне па тэрыторыі Беларусі чужародных відаў рыбы навукоўцы звязваюць у першую чаргу з пацяпленнем клімату. З павышэннем тэмпературы такія віды лягчэй прыстасоўваюцца да новых умоваў пражывання і хутка размнажаюцца. «У выніку адбываецца падаўленне і выцісканне тутэйшых відаў, зніжаецца біяразнастайнасць водных экасістэмаў», — адзначыў навуковец.

Асаблівую занепакоенасць выклікае ў іхтыялогіі пашырэнне месцаў пражывання чужароднай рыбы ў Дняпры. Напрыклад, аднаго з найбольш распаўсюджаных з гэтых відаў — бычка-цуцыка — раней рэгістравалі толькі ў паўднёвых і цэнтральных раёнах краіны. «Цяпер да нас паступілі дадзеныя, што гэтая рыба з’явілася і ў паўночным рэгіёне, у прыватнасці ў Оршы», — распавёў спецыяліст. У найбліжэйшы час іхтыёлагі плануюць арганізаваць спецыяльную экспедыцыю ў Віцебскую вобласць, каб даследаваць іхтыяфаўну Дняпра каля Оршы, паведамляе БелТА.

На сённяшні дзень з 63 відаў рыбы, якія пражываюць у Беларусі, каля двух дзясяткаў адносяцца да інвазіўных, і працэс інвазіі ў найбліжэйшы час будзе толькі ўзмацняцца. У сувязі з гэтым спатрэбяцца дадатковыя меры па захаванні традыцыйных для краіны прадстаўнікоў іхтыяфаўны.

У цяперашні час навукова-практычны цэнтр НАН па біярэсурсах праводзіць ацэнку і маніторынг біялагічнай разнастайнасці фаўны Беларусі. Эксперты вывучаюць заканамернасці функцыянавання і структурнай арганізацыі супольнасцяў жывёлаў і птушак, даследуюць энда-і эктапаразітаў і пераносчыкаў трансмісіўных захворванняў, распрацоўваюць сістэмы прыродных тэрыторыяў пад асаблівай аховай.

Как вам новость?
Головоломки