З-за збою на ЦЭЦ-3 траціна Мінску засталася без электраэнергіі

06.04.2011 14:59
Архив Редакция

У сераду, 6 красавіка, каля 11:00 на цеплаэлектрацэнтралі № 3 адбыўся збой. У Ленінскім, Цэнтральным, Завадскім і часткова некаторых іншых раёнах сталіцы адключылі электраэнергію або назіраюцца  яе перапады, адсутнічае водазабеспячэнне, не працуюць ліфты і светлафоры. Напрыклад, у такой сітуацыі апынуліся жыхары мікрараёна Уручча Першамайскага раёна.

На станцыі метро «Плошча Перамогі» на пэўны час выключылася асвятленне, такія ж праблемы былі і на суседняй станцыі «Плошча Якуба Коласа». Электраэнергія адсутнічала каля гадзіны.

«Звязана гэта з тым, што на ЦЭЦ-3 сілкавальны фідар, які забяспечвае энергазабеспячэнне гэтых раёнаў, адключыўся. Чаму гэта адбылося, цяпер высвятляецца, вызначаецца колькасць адключаных аб’ектаў», — паведаміў памочнік начальніка Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Віталь Дэмбоўскі.

Паводле яго слоў, энергія адключылася таксама на станцыі хуткай дапамогі, але «працуе аўтаномны генератар, так што энергазабеспячэнне там ёсць».

Цяпер спецыялісты спрабуюць ліквідаваць прычыны аварыі, перадае TTT.BY. Акрамя таго, паведамляецца таксама, што ў цэнтры горада спыніліся тралейбусы і трамваі. У цэнтральным універмагу ад сеткі адключаліся некаторыя касы.

Па словах відавочцы Аляксея, у дамах № 14 і 18 па вуліцы Русіянава няма святла і вады. «Напружанне ў разетках мералі тэстарам — спачатку было 100 вольт, потым і зусім нуль, ліфты стаяць». Ён таксама паведаміў, што па самой вуліцы Русіянава стаяць усе тралейбусы.

У раёне станцыі метро «Плошча Якуба Коласа» дзённае асвятленне ўжо з’явілася, яно адсутнічала каля паўгадзіны і ў раёне станцыі метро «Акадэмія навук». Святло згасла і ў палове будынка, размешчанага па адрасе праспект Незалежнасці, 75. Ён «то міргала, то адключалася». Адсутнічала асвятленне і ў суседняй краме.

Как вам новость?
Головоломки