З-за збою па ўсёй Беларусі не працавалі банкаўскія карткі

24.03.2011 16:58
Архив Редакция

У чацвер, 24 сакавіка, з 12:30 да 13:15 жыхары розных населеных пунктаў Беларусі не маглі карыстацца банкаўскімі карткамі. "Так, нам тэлефануюць і паведамляюць, што ў Беларусі не працуюць карткі ўсіх банкаў. Патэлефануйце ў "Белаграпрамбанк", "БПС-Банк". Чаму не працуюць — гэта пытанне не да банкаў", — заявілі ў прэс-службе "Беларусбанка".

У прэс-службе таксама адзначылі, што за абслугоўванне банкаматаў і інфакіёскаў адказвае «Банкаўскі працэсінгавы цэнтр», і параілі звяртацца туды, піша «Салідарнасць».

У сваю чаргу кансультант мінскага аддзялення «Беларусбанка» на вуліцы Янкі Брыля Наталля Балашко паведаміла, што каля 13:00 пра існаванне праблемы пацвердзілі ў галоўным офісе банка. Там таксама дадалі, што ўладальнікі пластыкавых картак не змогуць разлічыцца імі ў крамах. Аб прычынах праблемы не паведамляецца.

«Нам не сказалі, як мы павінны тлумачыць гэта кліентам. Думаю, сітуацыя вырашыцца на працягу найбліжэйшых гадзін. Такое ўжо было каля года таму», — сказала Наталля Балашко.

Служба сэрвісу кліентаў «Банкаўскага працэсінгавага цэнтра» адмовілася тлумачыць прычыны праблемы, удакладніўшы толькі, што яны тэхнічныя. У службе таксама не назвалі тэрмінаў, у якія праблема будзе ліквідаваная.

У кантактна цэнтры «Белаграпрамбанка», аднак, праінфармавалі, што ў сістэме «Банкаўскага працэсінгавага цэнтра» (БПЦ) адбыўся збой. Таму спыненыя ўсе аперацыі з банкаўскімі пластыкавымі карткамі, у тым ліку інтэрнэт-банкінг. «На жаль, мы не валодаем інфармацыяй, калі дадзеная праблема вырашыцца», — адзначыла супрацоўніца кантактнага цэнтру.

Гендырэктар БПЦ Генадзь Зубароў заявіў, што спынілі працу картак самі супрацоўнікі працэсінгавага цэнтру, прычым прымусова. «Абслугоўваючым персаналам у адпаведнасці з дзейнымі інструкцыямі было праведзена кароткачасовае спыненне сістэмы з мэтай выканання пэўных прац, накіраваных на прафілактыку магчымага збою ў працы», — цытуе Генадзя Зубарова БелаПАН.

«У цяперашні час усе банкаматы і інфакіёскі працуюць у штатным рэжыме», — падкрэсліў Зубароў.

БПЦ абслугоўвае каля 65% банкаматаў і інфакіёскаў у рэспубліцы. Ён дае паслугі па працэсінгу аперацый з банкаўскімі картамі, уключаючы аўтарызацыю картачных аперацый, вядзенне ідэнтыфікацыйных баз дадзеных карт, банкаматаў і тэрміналаў, персаналізацыі картак, працэсінг і клірынгу аперацый з картамі плацежных сістэмаў, якія дзейнічаюць на беларускай тэрыторыі, падключэнне і абслугоўванне банкаматаў і тэрміналаў у пунктах продажаў.

Удзельнікі сістэмы «Банкаўскага працэсінгавага цэнтра» — гэта Нацбанк, «Беларусбанк», «БПС-Банк», «Белаграпрамбанк», «Белінвестбанк», «Белгазпрамбанк», «Парытэтбанк», «Пріорбанк», «Дэльта Банк», «Трастбанк», «Белзнешэканомбанк», «МТБанк», «Беларускі народны банк», «БелСвісБанк», «Банк Масква-Мінск».

Как вам новость?