З 15 сакавіка на дарогах уводзяцца вагавыя абмежаванні аўтамабіляў

12.03.2011 13:30
Архив Редакция

З 15 сакавіка па 15 красавіка міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі ўводзіць абмежаванні нагрузак на дарогах рэспублікі ў межах ад шасці да дзевяці тон на адзіночную аўтамабільную вось. Адпаведную пастанову № 11 ведамства падпісала 25 лютага ў сувязі з пераўвільгатненнем дарог у гэты перыяд. 

Такія меры прыняты як для захавання дарог і дарожных збудаванняў, так і для забеспячэння бяспекі руху. Спіс дарог з абмежаваннямі дапушчальных нагрузак складзены па выніках папярэдняй дыягностыкі — на розных участках дарог будуць дзейнічаць розныя абмежаванні ў адпаведнасці з іх станам, паведамілі ў ведамстве.

Асноўных жа маршрутаў руху транзітнага транспарту абмежаванні не закрануць. Гэта трасы М-1/Е-30 Брэст (Казловічы) — мяжа Расіі (Рэдзькі), М-2 Мінск — Нацыянальны аэрапорт «Мінск», М-4 Мінск — Магілёў, М-6 Мінск — Гродна — мяжа Польшчы (Брузгі), М-7 Мінск — Ашмяны — мяжа Літвы (Каменны Лог), М-8 мяжа Расіі (Езярышча) — Віцебск — Гомель — мяжа Украіны (Новая Гута) і пад’езды да Магілёва і Гомеля, М-9 мінская кальцавая дарога, М- 11 мяжа Літвы (Беняконі) — Ліда — Слонім — Быцень, М-12 Кобрын — мяжа Украіны (Макраны), Р-1 Мінск — Дзяржынск, Р-49 Дымоўшчына (ад дарогі Р-20) — Ноўка (да дарогі Р-25 ); Р-52 Гоза (ад дарогі Р-45) — Астравец — Ашмяны, Р-131 Калінкавічы — Мазыр (да дарогі Р-31), Р-150 Хутар (ад пад’езда да Гомеля) — Гомель; асобныя ўчасткі дарог М-3 Мінск — Віцебск, М-5 Мінск — Гомель і пад’езд да Жлобіна, М-10 мяжа Расіі (Селішча) — Гомель — Кобрын і пад’езд да Гомеля, Р-20 Віцебск — Полацк — мяжа Латвіі (Грыгораўшчына), Р-21 Віцебск — мяжа Расіі (Лёзна), Р-23 Мінск — Мікашэвічы, Р-28 Мінск — Маладзечна — Нарач, Р-33 Рэчыца — Хойнікі, Р-58 Мінск — Калачы — Мядзел, Р-99 Баранавічы — Ваўкавыск — Пагранічны — Гродна і пад’езд ад гэтай дарогі да Р-44 Гродна — Ружаны — Івацэвічы, Р-123 Сялец (ад дарогі Р-93) — Масток — Дрыбін — Горкі.

Штогадовыя часовыя абмежаванні не распаўсюджваюцца таксама на транспартныя сродкі, якія перавозяць пасажыраў, лекавыя сродкі, гаруча-змазачныя матэрыялы, насенны фонд, жывых жывёл, кветкі, пошту, хуткапсавальныя грузы і грузы гуманітарнай дапамогі, а таксама тыя, што ажыццяўляюць перавозкі ў сувязі з прадухіленнем або ліквідацыяй надзвычайных сітуацый. Ад абмежаванняў вызваляюцца таксама некаторыя іншыя віды перавозак — пры ўмове спецыяльнага дазволу.

Згодна з абмежаваннямі, якія ўводзяцца на дарогах будуць устаноўлены часовыя дарожныя знакі, перамяшчэнне грузавога транспарту будзе строга кантралявацца. Таксама магчыма, што на некаторых аўтатрасах тэрмін дзеяння абмежаванняў скароціцца, аднак не выключаюцца і дадатковыя абмежаванні ў азначаны перыяд.

Увесь спіс аўтадарог, на якія распаўсюджваецца дзеянне абмежаванняў, прыводзіцца на сайце дэпартамента «Белаўтадар» мінтранса.

Как вам новость?