З беларускімі студэнтамі з 1 верасня будуць падпісваць дамову на навучанне

26.01.2011 12:10
Архив Редакция

З 1 верасня 2011 года ўсе студэнты платнага і бюджэтнага аддзяленняў вышэйшых навучальных устаноў Беларусі, а таксама навучэнцы прафесійна-тэхнічных вучэльняў і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў будуць падпісваць дамову на навучанне. Як паведаміў 25 студзеня міністр адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч, падобнае новаўвядзенне прадугледжана зацверджаным Кодэксам аб адукацыі, які ўступіць у сілу 1 верасня гэтага года. 

Сяргей Маскевіч растлумачыў, што ў дамове будуць агаворвацца правы, абавязкі і адказнасць студэнта і ВНУ, а пры неабходнасці — і працадаўцы, перадае БелаПАН.

Яшчэ адным новаўвядзеннем стане дыплом даследчыка, які з 1 верасня змогуць атрымаць выпускнікі аспірантуры, якія паспяхова завяршылі курс навучання, але па нейкіх прычынах не змаглі абараніць кандыдацкую дысертацыю.

Сяргей Маскевіч таксама адзначыў, што мінадукацыі лічыць «нармальнай еўрапейскай практыкай выезд беларускіх навукоўцаў за мяжу на стажыроўку ці часовую працу па праекце», бо гэта з’яўляецца добрай магчымасцю павысіць іх кваліфікацыю.

«Мы павінны разглядаць працу беларускіх навукоўцаў за мяжой як сучасны працэс, калі гэта неабходна для іх прафесійнага развіцця, самарэалізацыі. Калі ж выпускнікі ВНУ едуць працаваць, напрыклад, кухарам або нянечкай, то гэта ўжо іншая справа», — заявіў міністр.

Кіраўнік мінадукацыі таксама паведаміў, што ў цяперашні час у беларускай сістэме адукацыі няма неабходнасці «ўжываць» пажарныя «меры». «Ні на адным этапе не відаць праблемаў, якія патрабавалі б неадкладнага ўмяшання», падкрэсліў міністр.

Як раней перадаваў Тэлеграф, Кодэкс аб адукацыі, прыняты Палатай прадстаўнікоў і ўхвалены Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, быў падпісаны прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам 13 студзеня 2011 года. Новы кодэкс у ліку іншага закліканы ўрэгуляваць пытанні аплаты навучання «з улікам рэальнасці». Беларускім студэнтам, якія вучацца на платнай аснове, будзе прадстаўлена магчымасць аплочваць навучанне ў растэрміноўку.

Как вам новость?