З мінскіх лякарняў выпісалі яшчэ дзевяць пацярпелых у выніку тэракту

27.04.2011 10:42
Архив Редакция

У аўторак, 26 красавіка, са сталічных клінік выпісалі яшчэ дзевяць пацярпелых у выніку выбуху ў мінскім метро. Пра гэта паведамілі ў міністэрстве аховы здароўя Беларусі. На стацыянарным лячэнні працягваюць знаходзіцца 78 чалавек, з іх восем — у цяжкім стане, 16 — сярэдняй ступені цяжкасці, 54 — лёгкай ступені цяжкасці.

Па словах супрацоўнікаў ведамства, пацярпелым аказваюць неабходную медыцынскую дапамогу, а для паўнавартаснага дынамічнага назірання за імі ноччу ў лякарнях ўзмоцнены брыгады дзяжурных дактароў. Усе лячэбныя ўстановы забяспечаны дастатковым запасам перавязачнага матэрыялу і медыкаментаў, а таксама донарскай крыві. Персанал кругласуткава дзяжурыць на аптэчных складах для хуткай дастаўкі ў больніцы патрэбных лекаў, перадае БелТА.

Акрамя таго, ахвярам тэракту і іх родным аказваюць псіхалагічную падтрымку, а для атрымання інфармацыі аб стане пацыентаў ялкарняў працягваюць працаваць тэлефоны гарачай лініі.

Як ужо паведамляў Тэлеграф, не менш як васьмі з пацярпелых неабходна пратэзаванне. Пытаннем рэабілітацыі ахвяр выбуху займаецца міністэрства аховы здароўя, разглядаецца магчымасць падключэння цэнтраў рэабілітацыі ў Аксакаўшчыне і Гарадзішчы. Акрамя таго, аб сваёй гатоўнасці арганізаваць медыцынскую рэабілітацыю для пацярпелых ад тэракту ў мінскім метро заявіў Камітэт дзяржбяспекі. Яе арганізуюць на базе рэабілітацыйнага цэнтра Ваенна-медыцынскага кіравання КДБ і ў санаторыі-прафілакторыі «Лясное».

Как вам новость?