У 2011 годзе ў Беларусі сталі браць на 70% больш хабараў

06.06.2011 10:31
Архив Редакция

Па дадзеных Генеральнай пракуратуры Беларусі, за першыя чатыры месяцы 2010 года праваахоўныя органы Беларусі выявілі шкоду ад карупцыйных злачынстваў на 10,5 млрд рублёў. За аналагічны перыяд 2011 года шкода ад карупцыйных злачынстваў, выяўленых праваахоўнікамі, была на 70% большая — 17,9 млрд рублёў. Пры гэтым толькі маёмасці карупцыянераў за гэты час арыштавана на 15,6 млрд рублёў, гэта значыць у тры разы больш, чым у 2010 годзе.

Эксперты адзначаюць, што падобны рост фінансавага ўзроўню карупцыі часткова звязаны з больш эфектыўнай працай следчых органаў дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю, міністэрства ўнутраных спраў і пракуратуры, перадае «Ежедневник».

Толькі МУС з пачатку года выявіла шкоду ад карупцыйных злачынстваў на суму 14,7 млрд рублёў і арыштавала маёмасці на 12 млрд рублёў (супраць 8 і 4,3 мільярдаў рублёў адпаведна за аналагічны перыяд 2010 года). Гэта своеасаблівы рэкорд выніковасці сярод ведамстваў.

У студзені-красавіку 2011 года намаганнямі папярэдняга расследавання было кампенсавана 86,9% шкоды, гэта значыць амаль у два разы больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года (49,8%). Па словах экспертаў, у асноўным гэта звязана з больш эфектыўнай працай па выяўленні маёмасці карупцыянераў, у тым ліку аформленай на сваякоў і старонніх асоб. Калі ў студзені-красавіку мінулага года на стадыі папярэдняга расследавання на такую маёмасць быў накладзены арышт у суме 5,2 млрд рублёў, то з пачатку гэтага года — на 15,6 млрд рублёў.

Как вам новость?