З першага жніўня ў Беларусі вырастуць працоўныя пенсіі

29.07.2010 15:12
Архив Редакция

З першага жніўня, згодна з указам № 371 ад 21 ліпеня, у краіне павялічацца ўсе віды працоўных пенсій. Памер мінімальнай пенсіі па ўзросце складзе 244,1 тыс. рублёў (80 даляраў), максімальнай, якую атрымліваюць былыя шахцёры, — 1,33 млн. рублёў (445 даляраў). Пра гэта паведаміла 29 ліпеня намесніца міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Валянціна Каралёва.

Па яе словах, мінімальная пенсія ўзрасце прыкладна на 10%, а максімальная — на 13%. У сярэднім пенсіі вырастуць на 12,5%, перадае БелТА.

Як паведаміла намесніца міністра, пенсія будзе пералічана індывідуальна для кожнага пенсіянера. «Карэкціроўка фактычнага заробку пенсіянераў пры прызначэнні і пераразліку пенсіяў будзе ажыццяўляцца з прымяненнем сярэдняй заработнай платы працаўнікоў у Беларусі за другі квартал бягучага года. Па дадзеных Белстата, яна склала 1,16 млн. рублёў (390 даляраў). Зыходзячы з гэтага заробку, будзе «асучаснена» заработная плата кожнага пенсіянера», — адзначыла Валянціна Каралёва.

Яна таксама адзначыла, што са жніўня здзейсняць пераразлік мінімальных працоўных і сацыяльных пенсіяў у сувязі з павышэннем бюджэту пражытачнага мінімуму. «Гэты паказчык пераразлічваецца штоквартальна ў коштах апошняга месяца кварталу. Па папярэдняй ацэнцы, велічыня БПМ у сярэднім на душу насельніцтва ў коштах чэрвеня складзе 274,51 тыс. рублёў (91 даляр). Зыходзячы з гэтай велічыні, будуць перагледжаныя мінімальныя і сацыяльныя пенсіі», — заявіла Валянціна Каралёва.

Па яе словах, мінімальная пенсія як разліковы паказчык складае 25%, то бок, са жніўня яна павялічыцца да 68,628 тыс. рублёў (33 даляры).

Працоўныя пенсіі павялічацца ў 2,4 млн. пенсіянераў, таксама праіндэксуюць сацыяльныя пенсіі яшчэ 52 тыс. чалавек. Намесніца міністра адзначыла, што павышэнне пенсіяў «было абумоўлена дастатковым запасам сродкаў у Фондзе сацыяльнай абароны». «Мы не занепакоеныя перспектывамі выплаты пенсій. Больш за тое, запазычанасць па выплаце страхавых пенсійных узносаў за першае паўгоддзе істотна паменшылася — на 10 млрд. рублёў», — паведаміла Валянціна Каралёва.

У сувязі з павышэннем выплатаў спатрэбіцца штомесяц дадаткова 146,8 млрд. рублёў (49 млн. даляраў), або каля 734 млрд. рублёў да канца года (244,6 млн. даляраў). У цэлым, выдаткі на выплату пенсіяў у Беларусі са жніўня складуць 1,32 трлн. рублёў на месяц (441 млн. даляраў), адзначыла намесніца міністра. Яна лічыць, што ў Беларусі атрымаецца выканаць паказчыкі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2010 год, якія тычацца пенсійнага забеспячэння.

Валянціна Каралёва нагадала, што ў гэтым годзе пенсіі ў Беларусі павышаюцца ўжо другі раз. Першы раз пенсіі павышалі ў студзені — у сярэднім на 9%. За першае паўгоддзе сярэдняя пенсія па ўзросце вырасла больш чым на 20% у параўнанні з аналагічным перыядам 2009 года, склаўшы ў чэрвені 491,6 тыс. рублёў (164 даляра). Сярэдні памер мінімальнай пенсіі па ўзросце павялічыўся на 16,2% да 268,1 тыс. рублёў у чэрвені (90 даляраў). Рэальны памер назначанай месячнай пенсіі з улікам карэкціроўкі на індэкс спажывецкіх коштаў на тавары і паслугі павялічыўся ў чэрвені 2010 года на 12,4% у параўнанні з чэрвенем мінулага года.

Как вам новость?
Головоломки