З расійцаў не знялі абвінавачання ў масавых беспарадках

01.03.2011 12:14
Архив Редакция

Фігурантам "справы 19 снежня", грамадзянам Расіі Арцёму Брэусу і Івану Гапонаву 1 сакавіка на паседжанні ў судзе Маскоўскага раёна Мінску прад'явілі новыя абвінавачанні — па ч. 2 артыкулу 293 КК РБ "удзел у масавых беспарадках". Такім чынам, з расійцаў не знялі прад'яўленыя раней абвінавачання. Ім па-ранейшаму ставіцца ў віну "ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу, знішчэнне маёмасці, узброены супраціў" і пагражае ад трох да васьмі гадоў пазбаўлення волі.

Прад’яўляючы абвінавачанне Івану Гапонаву, пракурор заявіў, што 19 снежня абвінавачваны «далучыўся да натоўпу,які бясчынстваваў і складаўся з некалькіх тысяч чалавек». «Іван Гапонаў, дзейнічаючы ў гэтым натоўпе, з ужываннем фізічнай сілы спрабаваў прарваць ачапленне супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія перашкаджалі пранікненню ў Дом урада. Іван Гапонаў ажыццяўляў сілавое ўздзеянне: шматлікія ўдары нагамі па ахоўных прадметах супрацоўнікаў», — гаворыцца ў прад’яўленым расійцу абвінавачанні.

Аналагічнае абвінавачанне прад’явілі і іншаму грамадзяніну Расіі Арцёму Брэусу, перадае БелТА.

Пракурор асабліва адзначыў, што падчас акцыі на плошчы Незалежнасці ўдзельнікі беспарадкаў мелі пры сабе бутэлькі з запальнай сумессю, драўляныя палкі, металічныя пруты, з дапамогай якіх яны пасля знішчылі дзяржмаёмасць, а таксама нанеслі розныя траўмы супрацоўнікам міліцыі.

Суд над Брэусам і Гапонавым адновіцца 10 сакавіка

Каб даць падсудным час азнаёміцца з новым абвінавачаннем, суд абвясціў перапынак у слуханнях да 10 сакавіка. Акрамя таго, па хадайніцтве пракурора да справы далучаныя новыя дакументы, у тым ліку вынікі медэкспертызы аб прызнанні шэрагу супрацоўнікаў міліцыі пацярпелымі.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, слуханні па справе Арцёма Брэуса і Івана Гапонава пачаліся 22 лютага. Заслухаўшы сведкаў, падсудных і азнаёміўшыся з відэаматэрыяламі справы і пісьмовымі доказамі віны падсудных, суд па хадайніцтве боку абвінавачання абвясціў перапынак да 1 сакавіка.

Абодва расійцы не прызналі сваёй віны ў збіцці супрацоўнікаў праваахоўных органаў, біцці шкла ў будынку Дома ўрада і выкрыкванні антыўрадавых лозунгаў, якія ім прад’явілі ў першы дзень судовага паседжання.

Між тым, расійскія ўлады па-ранейшаму спадзяюцца, што суд прыме справядлівае рашэнне ў дачыненні да расійскіх грамадзян Арцёма Брэуса і Івана Гапонава. «Нельга не бачыць, што матываваных абвінавачванняў супраць нашых грамадзян так дагэтуль і не высунута», — заявіў 24 лютага афіцыйны прадстаўнік МЗС Расіі Аляксандр Лукашэвіч.

Как вам новость?
Головоломки