За 4,5 месяца інфляцыя амаль у два разы перавысіла гадавы прагноз

20.05.2011 14:55
Архив Редакция

З пачатку года рост спажывецкіх коштаў у Беларусі перавысіў 15% пры тым, што прагнозны паказчык узроўню інфляцыі на 2011 год складае 7,5-8,5%. Аб гэтым 20 траўня ў Мінску на семінары "Індэксы спажывецкіх коштаў: тэорыя і практыка" паведаміла намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэту Ірына Кангра. Пры гэтым толькі за апошні тыдзень кошты выраслі прыкладна на 3,9%.

«Калі захаваецца такая дынаміка, то будзе шматкроць перавышаны прагнозны паказчык ўзроўню інфляцыі на 2011 год», — адзначыла намесніца кіраўніка Белстата, перадае БелаПАН.

«Далейшая сітуацыя будзе звязана з тым, наколькі будуць расці кошты, якія рэгулююцца дзяржавай, а мы бачым, што на многія з іх ідзе рост. Акрамя таго, сітуацыя будзе залежаць ад паводзінаў вытворцаў і гандлю, наколькі яны будуць забяспечваць абмежаванне росту цэн, у тым ліку за кошт гандлёвых надбавак», — лічыць Ірына Кангра.

Белстат: пакупніцкая здольнасць насельніцтва зніжаецца

У сваю чаргу начальніца упраўлення статыстыкі цэнаў на спажывецкія тавары і паслугі галоўнага ўпраўлення коштаў Белстата Таццяна Міхалевіч паведаміла, што ў першай палове траўня кошты на харчовыя тавары выраслі на 1,6%, нехарчовыя — 1,4%. Рост цэнаў на мяса птушкі, алей, маянэз склаў 2-3%, мэблю — 2,5%, бытавыя электратавары — 2,8%, сінтэтычныя мыючыя сродкі — 4%, марожаную рыбу — 4,3%, макаронныя вырабы — 4,7%, салёны селядзец — 6,3%, рыс, проса, аўсяныя шматкі, гарбату, садавіну — на 7-9%.

«Бесперапынны рост коштаў з пачатку года пры адначасовым зніжэнні рэальнай заработнай платы (у сакавіку ў адносінах да снежня яна склала 90,8%) адбіваецца на пакупніцкай здольнасці насельніцтва. Калі ў снежні 2010 года на сярэднямесячную зарплату можна было набыць 885 кг хлеба, то ў сакавіку — 786, алею — 265 і 235 літраў, малака — 965 і 868 літраў, бульбы — 921 і 711 кілаграмаў», — распавяла Таццяна Міхалевіч.

«Як відаць з прыведзеных дадзеных, пакупніцкая здольнасць насельніцтва рэспублікі зніжаецца нават без уліку істотных цэнавых зрухаў, адзначаных у красавіку-траўні 2011 года», — адзначыла яна.

Как вам новость?
Головоломки