"За аўто" заклікае ДАІ спыніць пераслед удзельнікаў акцыі "Стоп бензін"

10.06.2011 14:59
Архив Редакция

Установа "За Аўто" 10 чэрвеня звярнулася да УДАІ Рэспублікі Беларусь з заклікам "спыніць бессэнсоўны пераслед удзельнікаў акцыі стоп-бензін". "Законных падстаў для пераследу удзельнікаў няма. Кожны пратакол, складзены супраць удзельнікаў акцыі, будзе найпадрабязнейшым чынам прааналізаваны на адпаведнасць заканадаўству", — гаворыцца ў афіцыйным звароце.

«Чым больш людзей падпадзе пад неабгрунтаваныя штрафы, тым больш незадаволеных. Не даводзьце сітуацыю да скрайнасці. Памятайце, што пераследуючы удзельнікаў акцыі «Стоп Бензін», Вы пераследуеце народ, бо за кожным удзельнікам акцыі стаіць сям’я. Сваімі дзеяннямі Вы наносіце істотную шкоду іміджу ДАІ ў вачах грамадзян краіны», — адзначылі арганізатары акцыі «Стоп бензін».

«Акцыя «Стоп бензін» была накіравана супраць пагаршэння эканамічнага стану беларускага народа і выклікала шырокі грамадскі рэзананс. Праводзячы рэпрэсіі супраць удзельнікаў акцыі вы надаяце іх дзеянням палітычную афарбоўку: любыя рэпрэсіі на фоне эканамічнай сітуацыі, што імкліва пагаршаецца, пры практычна поўнай адсутнасці дыялогу паміж народам і ўладай, выклікаюць зваротны чаканаму эфект», — падкрэслілі ў «За Аўто».

Як перадаваў Тэлеграф, супрацоўнікі ДАІ пачалі выклікаць на размовы удзельнікаў яакцыі пратэсту аўтааматараў «Стоп бензін», якая прайшла 7 чэрвеня. «Нумары машын былі «прабітыя» па базе і разам з усімі дадзенымі, дыскамі з фатаграфіямі і відэа адпраўленыя ў раённыя ДАІ Мінску. І кожнае раённае ДАІ будзе выклікаць «сваіх» парушальнікаў», — паведаміла начальніца аддзелу па агітацыі і прапагандзе ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Жана Трайно.

Как вам новость?