За дзесяць гадоў насельніцтва Беларусі зменшылася на паўмільёна чалавек

08.09.2010 16:31
Архив Редакция

Як паказваюць вынікі перапісу 2009 года, за 10 гадоў колькасць насельніцтва Беларусі скарацілася на 5,4% або на 541 тыс. чалавек. Пра гэта 8 верасня паведаміла намесніца старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі Алена Кухарэвіч. Па дадзеных перапісу, у кастрычніку 2009 года ў рэспубліцы пражывала 9,5 млн. чалавек.

Як патлумачыла Алена Кухарэвіч, за апошнія дзесяць гадоў назіраюцца больш хуткія тэмпы скарачэння колькасці насельніцтва, чым у перыяд паміж перапісамі 1989 і 1999 гадоў. Так, у папярэдняе дзесяцігоддзе насельніцтва паменшылася на 107 тыс. чалавек, або на 1%, перадае БелаПАН.

За гэты перыяд колькасць беларусаў скарацілася ва ўсіх абласцях рэспублікі. Па дадзеных Белстата, найбольш істотнае змяншэнне насельніцтва назіралася ў Віцебскай вобласці, дзе стала на 146 тыс. жыхароў менш (скарацілася на 10,6%), у Мінскай вобласці — на 136 тыс. чалавек менш (8,7%) і Магілёўскай вобласці — на 114 тыс. чалавек менш (9,4%).

Як патлумачыла Алена Кухарэвіч, асноўнай прычынай скарачэння колькасці жыхароў Беларусі стала натуральнае змяншэнне насельніцтва. За апошняе дзесяцігоддзе гэты паказчык склаў 476 тыс. чалавек, у той час як міграцыйны прыток зафіксаваны на ўзроўні 84 тыс. чалавек.

Разам з тым насельніцтва Мінску, наадварот, павялічылася на 156 тыс. чалавек (на 9,3%). На момант перапісу ў сталіцы пражывала 1,8 млн. чалавек.

Як раней перадаваў Тэлеграф, толькі з пачатку гэтага года колькасць насельніцтва Беларусі скарацілася на 12,5 тыс. чалавек. Натуральнае змяншэнне насельніцтва за першыя сем месяцаў склала 17,7 тыс. чалавек.

Как вам новость?
Головоломки