За месяц тэмпы будаўніцтва ў Беларусі знізіліся амаль у пяць разоў

13.05.2011 16:52
Архив Редакция

За красавік у Беларусі пабудавана 182 тыс. квадратных метраў агульнай плошчы жылля. Гэта ў 4,7 раза менш, чым у сакавіку. Усяго за першыя чатыры месяцы 2011 года ўвялі ў эксплуатацыю 1,49 млн. квадратных метраў, што на 0,4% менш, чым за аналагічны перыяд 2010 года, і складае 19,8% гадавога задання, якое складае 7,5 млн. квадратных метраў.

Такія дадзеныя прыводзіць Нацыянальны статыстычны камітэт.

Лукашэнка: ды не дадзім мы ўсім жыллё!

Тым часам, 12 траўня Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці перагледзець дзяржаўную праграму будаўніцтва жылля. «Трэба рупліва да гэтага ставіцца. Не размахваць, маўляў, усім дамо. Ды не дадзім мы ўсім!» — сказаў ён.

Беларускі кіраўнік паведаміў, што ў маштабах рэспублікі праблема з забяспечанасцю жыллём «так востра ўжо не стаіць». Менавіта таму, лічыць ён, праграму па будаўніцтве жылля патрабуецца скарэктаваць.

Лукашэнка: хочаш будавацца — даставай грошы

«Трэба глядзець, каму мы павінны дапамагчы і каму мы павінны будаваць жыллё. Калі ты паляпшаць жыллёвыя ўмовы, даставай з кішэні грошы і будуй. Мы павінны, зыходзячы з нашых магчымасцяў, пабудаваць толькі тым, хто ў першы раз атрымлівае жыллё», — цытуе Аляксандра Лукашэнкі БелТА.

Магчыма, будуць змяняцца і іншыя дзяржпраграмы. «Мне многія кажуць: давайце дзяржаўныя праграмы скароцім. Давайце скароцім. Ну і што далей? Тады давайце не будзем будаваць комплексы, дарогі, жыллё… Не. Усё будзем будаваць. Але ж разбою ўжо быць не павінна. Тысячу раз трэба падумаць — сілікаты тут выкладваць, жалезныя дзверы рабіць ці нейкія іншыя, але каб яны былі даўгавечныя, каб было прыгожа», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: прыватнікі працуюць у два разы лепш

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што пастаўленая задача выканальная. «Я бачу па прыватніку. Калі прыватнік пачынае займацца, дзе б я ні сутыкаўся, у два разы эканомней, чым мы гэта робім ад імя дзяржавы», — адзначыў ён.

Лукашэнка: праграму па вёсцы скарачаць не будзем

Скарачэнні не закрануць дзяржаўнай праграмы па сялу, паабяцаў прэзідэнт. «Калі мы страцім тэмпы рэканструкцыі вёскі, значыць, мы, напэўна, ніколі іх не набярэм», — растлумачыў ён.

Кіраўнік краіны папярэдзіў, што колькасць аб’ектаў сельскай гаспадаркі не павінна змяншацца, паколькі цяпер краіна мае вялікую патрэбу ў сельгаспрадукцыі, і не трэба шукаць рынкі збыту. Ён таксама перасцярог ад «расхлябанасці» на сяле, у тым ліку і ў сферы цэнаўтварэння.

Як ужо паведамляў Тэлеграф, сталічныя ўлады маюць намер зрабіць больш жорсткім парадак пастаноўкі на чаргу па паляпшэнні жыллёвых умоваў. У прыватнасці, плануецца, што крытэр патрэбнасці будзе зніжаны з 15 да 10 квадратных метраў на чалавека, а тэрмін пражывання ў Мінску — павялічаны з пяці да дзесяці гадоў.

Как вам новость?
Головоломки