За межы Мінску ў найбліжэйшыя пяць гадоў вынесуць 12 прампрадпрыемстваў

27.07.2010 17:18
Архив Редакция

Да 2015 года з Мінску ў розныя населеныя пункты рэспублікі плануюць вынесці або перанесці 12 вытворчых аб'ектаў, якія не адпавядаюць рэгламентам генеральнага плану сталіцы. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення горадабудаўніцтва Камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Сяргей Казлоўскі.

Пераносіць буйныя прадпрыемствы з Мінску будуць у два этапы. На першым этапе (2010-2015 гады) плануюць вынесці або перанесці 12 сталічных вытворчых аб’ектаў: РУП «Мінскі авіярамонтны завод», РУП «Аэрапорт Мінск-1», РДПУП «Мінская друкарня», РУП «Станкабудаўнічы завод ім.С.М.Кірава», ВРУП «МЗКР», філіял «Птушкафабрыка ім.Крупскай ААТ «1-я Мінская птушкафабрыка», ВРУП «Будтэх», філіял УП «Мінскаблгаз» Мінскае РПУ, ААТ «Дражджавы камбінат», ПТРУП «Мінск Крышталь», ААТ «Беларускія шпалеры» і ААТ «Сукно».

У дачыненні да некаторых прадпрыемстваў прэзідэнт Беларусі ўжо падпісаў указы, якія вызначаюць тэрміны і крыніцы фінансавання іх пераносу, распавёў Сяргей Казлоўскі. Аб’ёмы інвестыцыяў, крыніцы фінансавання, а таксама дакладныя тэрміны вынасу вытворчых аб’ектаў ўдакладняць пасля распрацоўкі бізнэс-планаў вынасу (пераносу) гэтых аб’ектаў, перадае БелТА.

На другім этапе (2016-2020 гады) за межы горада плануюць вынесці яшчэ шэсць прадпрыемстваў: ААТ «Доследна-эксперыментальны завод тэхналагічнага абсталявання», ААТ «Галантэя», ААТ «Мінскі эксперыментальна-фурнітурны завод», Мінскае абутковае ААТ «Луч», ААТ «Мінскмэбля» і ААТ «Мінскпраектмэбля»

Начальнік упраўлення горадабудаўніцтва таксама расказаў, што праца па падрыхтоўцы вынасу прадпрыемстваў пачатая ў сталіцы яшчэ ў 2005 годзе. «Ужо праведзена значная праца. Па цэлым шэрагу прадпрыемстваў вызначаны пляцоўкі, вядзецца праектаванне, ідзе паэтапны вынас і перанос аб’ектаў», — сказаў Сяргей Казлоўскі.

Как вам новость?