За мінулы тыдзень у Беларусі патанула 145 чалавек

20.07.2010 15:13
Архив Редакция

Мінулы тыдзень у Беларусі стаўся рэкордным за апошнія 30 гадоў па колькасці патанулых. Так, з 12 па 18 ліпеня ў вадаёмах краіны патанула 145 чалавек, у тым ліку восем дзяцей, паведамілі ў Беларускім рэспубліканскім таварыстве ратавання на водах (ТРВОД).

Непасрэдна пры купанні ў вадаёмах патанула 123 чалавекі, прычым 54 — толькі за мінулыя выходныя. Спецыялісты звязваюць павелічэнне колькасці няшчасных выпадкаў на вадзе з гарачым надвор’ем.

Прычынай амаль усіх здарэнняў сталася элементарнае парушэнне правілаў бяспечных паводзінаў на вадзе: многія з патанулых знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.

Больш за 100 чалавек на мінулым тыдні было выратавана, удалося прадухіліць больш за 400 няшчасных выпадкаў, перадае БелаПАН.

Па дадзеных ТРВОД, з пачатку года ў Беларусі ў вадзе загінула 609 чалавек, з якіх 51 непаўналетнія.