За Някляева сабралі 100 тыс. подпісаў

13.10.2010 13:04
Архив Редакция

За вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты лідара грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!», паэта Уладзіміра Някляева сабралі больш за 100 тыс. подпісаў. Па словах прэс-сакратара прэтэндэнта на пасаду кіраўніка дзяржавы Юліі Рымашэўскай, у лічбах, якія паведамляліся раней, называлася лічба галасоў, сабраных падчас паходаў па кватэрах, аднак не ўлічваліся подпісы, сабраныя ў пікетах.

«А сёння ноччу ў нас хапіла цярпення, каб падлічыць подпісы, сабраныя ў пікетах», — адзначыла Юлія Рымашэўскі і дадала, што па стане на раніцу 13 кастрычніка за вылучэнне Уладзіміра Някляева сабрана 101,3 тыс. подпісаў, перадае «Наша Нiва».

Саннікаў: у маю падтрымку падпісваецца шмат пажылых людзей

Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта лідар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў заявіў, што ў падтрымку яго кандыдатуры ўжо сабрана больш за 50 тыс. подпісаў. Палітык не сумняецца, што яго ініцыятыўная група збярэ неабходную колькасць подпісаў грамадзянаў для яго рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты, перадае БелаПАН.

«Наведваючы Бабруйск і Магілёў, я ўбачыў, што людзі даволі актыўна падпісваюцца, — падзяліўся ўражаннем Саннікаў. — Падпісваецца шмат людзей пажылога веку, якія расчараваліся ў Лукашэнку і гэтай дыктатарскай сістэме. І гэта адметная рыса дадзенай выбарчай кампаніі».

За Кастусёва сабралі 45,8 тыс. подпісаў

Па стане на вечар 11 кастрычніка ініцыятыўная група кандыдата ў прэзідэнты ад Партыі БНФ Рыгора Кастусёва сабрала 45,8 тыс. подпісаў, паведамілі ў партыі.

«Подпісы збіраюцца досыць лёгка. Мы ўпэўнена выходзім на неабходныя 100 тыс. За Рыгора Кастусёва падпісваюцца не толькі прыхільнікі БНФ, але і шырокія колы грамадзтва, для якіх важныя нацыянальныя інтарэсы, дарагія нашы нацыянальныя каштоўнасці, тыя, хто не чакае выратавання з боку Расіі», — адзначыў кіраўнік ініцыятыўнай групы Рыгора Кастусёва Аляксей Янукевіч.

Как вам новость?
Головоломки