За паўгады ў Беларусі асудзілі 29,3 тыс. чалавек

30.09.2010 12:53
Архив Редакция

У студзені — чэрвені 2010 года ў Беларусі асудзілі больш за 29,3 тыс. чалавек. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні Вярхоўнага суда Беларусі Валеры Калінковіч. Разам з тым, асуджэнне з адтэрміноўкай выканання пакарання, з умоўным непрымяненнем яго і асуджэнне без прызначэння пакарання ўжылі менш чым да дзвюх тысяч чалавек.

«Нас гэта турбуе. Далёка не заўсёды жорсткі прысуд грае станоўчую ролю. Скажам, з ліку тых, хто выйшаў з месцаў зняволення, за першы год здзейснілі злачынства каля дзвюх тысяч чалавек — амаль кожны чацверты. А хто быў асуджаны ўмоўна, з адтэрміноўкай тэрміну — усяго 177», — растлумачыў намеснік старшыні Вярхоўнага суда.

У сувязі з гэтым, па словах Валерыя Калінковіча, на пленуме Вярхоўнага суда, які пройдзе 30 верасня, будзе абмеркавана практыка прымянення судамі краіны альтэрнатыўных відаў пакарання — асуджэння з адтэрмiноўкай выканання пакарання, з умоўным непрымяненнем яго і асуджэння без прызначэння пакарання. Такіх альтэрнатыўных відаў крымінальнай адказнасці ў Крымінальным кодэксе Беларусі налічваецца 11, перадае «Рэспубліка«.

«На пленуме мяркуецца арыентаваць суды на больш шырокае прымяненне альтэрнатыўных пакаральных мер крымінальнай адказнасці. Тым больш, што сам заканадавец паслядоўна пашырае сферу іх прымянення. Да прыкладу, у мінулым годзе ў Крымінальны кодэкс былі прынятыя папраўкі, якія дазваляюць прымяняць адтэрміноўку выканання пакарання пры негвалтоўным злачынстве пры поўнай кампенсацыі абвінавачаным здзейсненай ім шкоды», — растлумачыў Валеры Калінковіч.

Па словах эксперта, людзі, якія асуджаны ўмоўна, пастаянна знаходзяцца пад пагрозай, што ім, у выпадку здзяйснення правапарушэння, давядзецца сесці ў турму, і таму імкнуцца не здзяйсняць іх.

Как вам новость?
Головоломки