За сем гадоў 52 тыс. прадпрымальнікаў з'ехалі з Беларусі

24.08.2010 10:52
Архив Редакция

За перыяд з 2003 года за мяжу выехалі 52 тыс. прадпрымальнікаў, якія раней вялі бізнэс у Беларусі. Па словах лідара аб'яднання "За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва" Віктара Гарбачова, яны не проста вывелі свае кампаніі за мяжу, а пераехалі на пастаяннае месца жыхарства ў тыя краіны, дзе яны адкрылі бізнэс. "І гэты паток працягваецца, людзі з'язджаюць, хто куды можа", — лічыць ён.

«У нас тут вельмі лёгка набіць руку, таму што ў нас настолькі моцна абкладзена прадпрымальніцтва, што мы як мурашкі, змяя ці вуж, выкручвацца з любой сітуацыі. І калі ён прыязджае ў Расію ці ў Польшчу, ці ў Чэхію — там усё адкрыта, свабодна, зразумелае і яснае заканадаўства. Працаваць там настолькі лёгка, што нашы прадпрымальнікі выходзяць у лідары», — адзначае Віктар Гарбачоў.

Па словах кіраўніка аб’яднання, у Беларусі афіцыйна зарэгістравана 226 тыс. прадпрымальнікаў. Пры гэтым ад 50 да 80 тыс. працуюць нелегальна, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

«Дададзім іх — атрымліваецца 300 тыс. Гэта цяпер столькі людзей задзейнічае ў прадпрымальніцтве, — тлумачыць Віктар Гарбачоў. — Каля 800 тыс. сёння ў нас з’яўляюцца «гастарбайтарамі» , у першую чаргу ў сферы будаўніцтва — і ва Украіну з’язджаюць, і ў Расію».

На думку Віктара Гарбачова, пры стварэнні добрых умоваў для бізнэс-клімату на працягу года можна было б дамагчыся, каб у Беларусі адкрылі бізнэс яшчэ 300 тыс. прадпрымальнікаў. «Праз год мы б мелі 600 тыс. А на працягу двух гадоў, да 2012 года, калі б улада рэальна ўсё выконвала, што кажа, я думаю, цэлы мільён насельніцтва быў бы цалкам паглынуты ў сферы прадпрымальніцтва. І гэта быў бы шалёны ўдар і эканамічны пад’ём у нашай краіне, такі, што любая краіна пазайздросцілі б», — лічыць Віктар Гарбачоў.

Гарбачоў: кожны прадпрымальнік сёння ўжо мае 500 даляраў

Па словах Віктара Гарбачова, у сувязі з крызісам прыбыткі беларускіх прадпрымальнікаў істотна зменшыліся. «І не проста на 2-3% — заробкі ўпалі ў разы. Сёння прадпрымальнікі падладжваюцца да тых эканамічных умоваў, якія ёсць ва ўсім свеце, і, адпаведна, да таго попыту і патрабаванняў спажыўца, які мае ў кашальку тое, што ён мае», — кажа Віктар Гарбачоў.

«Але пакуль мы жывем, і свае 500 даляраў, якія нам абяцаў прэзідэнт, маем. Я думаю, кожны прадпрымальнік 500 даляраў на сёння мае, хаваць тут няма чаго. Але не ад дзяржавы, а ад сябе. У той час, калі прэзідэнт абяцае, што хутка кожны будзе атрымліваць 500 даляраў, мы ўжо іх зарабляем, таму трэба менш гаварыць, а проста іх зарабляць», — сказаў кіраўнік аб’яднання «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва».

Как вам новость?
Головоломки