За тры гады Беларусь плануе прадаць акцыі 244 кампаній

02.02.2011 10:28
Архив Редакция

У спіс адкрытых акцыянерных таварыстваў, акцыі якіх у 2011 — 2013 гадах плануе прадаць дзяржава, уключаны 244 кампаніі. Як паведамілі ў Дзяржаўным камітэце па маёмасці Беларусі, продажу падлягаюць дзяржаўныя акцыі стратных ААТ, таварыстваў, дзе доля дзяржавы меншая за 50% і не патрабуецца захаванне блакіравальнага пакета акцый, а таксама ААТ, у якіх не патрабуецца прысутнасць дзяржавы.

Пры складанні пераліку і праекту плана прыватызацыі на 2011-2013 гады разглядаліся прапановы міністэрстваў і канцэрнаў. У Дзяржкаммаёмасці падкрэслілі, што дзяржорганам неабходна правесці дадатковы аналіз усіх акцыянерных таварыстваў, у кіраванні якімі ўдзельнічае дзяржава, і вызначыць, ці мэтазгодна далейшая прысутнасць дзяржавы ў дадзеных ААТ.

Акрамя гэтага, у першым квартале 2011 года плануецца распрацаваць спіс акцыянерных таварыстваў, акцыі якіх могуць быць перададзены ў даверчае кіраванне, перадае БелТА.

Падвёўшы вынікі прыватызацыі 2008-2010 гадоў, у Дзяржкаммаёмасці патлумачылі нізкую актыўнасць пакупнікоў акцый тым, што міністэрствы і канцэрны выстаўлялі на продаж загадзя неліквідныя пакеты акцый менш за 25% ад статутнага фонду. Пры гэтым патрабаваныя аб’ёмы інвестыцый не ўвязваліся з праграмай развіцця самога акцыянернага таварыства і рэгіёну.

Паводле інфармацыі Дзяржкаммаёмасці, абвешчаныя ў 2010 годзе аўкцыёны па продажы акцый пяці адкрытых акцыянерных таварыстваў з прыцягненнем інвестыцыйных агентаў таксама не былі дзейснымі.

Усяго ў 2009-2010 гадах на аўкцыёнах і конкурсах дзяржава прадала акцыі дзесяці ААТ на суму 14 млрд. рублёў (4,6 млн. даляраў) і 781 млн. даляраў. Самымі буйнымі ўгодамі сталі продаж пакета акцый ЗАТ «БеСТ» за 500 млн. даляраў і ААТ «БПС-Банк» за 280,8 млн. даляраў.

У трохгадовыя планы продажу акцый былі ўключаны 254 ААТ па камунальнай уласнасці. Прадаць атрымалася акцыі 47 кампаній на суму 93 млрд. рублёў. Найбольшая актыўнасць зафіксавана ў Берасцейскай вобласці. Тут за 2008-2010 гады ажыццёўлена 23 угоды.

Как вам новость?