Заяўку на крэдыт ЕўрАзЭС Беларусь падала да прэзідэнцкіх выбараў

01.07.2011 13:36
Архив

Заяўку ў Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС Беларусь падала яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў - 22 кастрычніка 2010 года. Копія крэдытнай заяўкі за подпісам кіраўніка міністэрства фінансаў Беларусі Андрэя Харкаўца патрапіла 1 ліпеня ў распараджэнне беларускіх СМІ. Між тым упершыню аб тым, што Беларусь звярнулася па крэдыт, стала вядома толькі 16 лютага 2011 года ад віцэ-прэм'ера Сяргея Румаса.

Беларускі бок прасіў Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС аператыўна разгледзець заяўку Беларусі і ўнесці яе на разгляд экспертнай радзе «з тым, каб гэтае пытанне было разгледжана на пасяджэнні савета фонду ў лістападзе 2010 года», гаворыцца ў заяўцы, перадаюць «Беларускія навіны«.
заявка 500.jpg

У заяўцы гаворыцца, што крэдыт неабходны Беларусі «для пакрыцця дэфіцыту бягучага рахунку на перыяд, неабходны для ажыццяўлення макраэканамічнай карэкціроўкі і адаптацыі эканомікі да новых умоваў функцыянавання, а таксама для падтрымання міжнародных рэзервовых актываў да ўзроўню, які забяспечвае эканамічную бяспеку дзяржавы».

Сярод задач, якія беларускія ўлады разлічвалі вырашыць у рамках рэалізацыі праграмы, значылася «правядзенне рэформы ў фінансавым сектары і абмежаванне квазібюджэтнага фінансавання».

Сродкі Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, згодна з кастрычніцкай заяўкай, планавалася прыцягнуць пад 3% гадавых, з ільготным перыядам пяць гадоў і тэрмінам вяртання з улікам ільготнага перыяду 10 гадоў. Гэтую заяўку фонд ЕўрАзЭС задаволіў, аднак, праз восем месяцаў пасля падачы і на іншых умовах — пад плаваючую стаўку 4,1%, з ільготным перыядам тры гады.