Заіка: беларуская ўлада аблажалася

13.06.2011 15:29
Архив Редакция

Кіраўнік Аналітычнага цэнтра "Стратэгія" Леанід Заіка лічыць, што пратэсты ў беларускім грамадстве сталіся вынікам няўмелай палітыкі ўладаў. "Не варта шукаць карані пратэстнай актыўнасці звонку або прыпісваць яе апазіцыі. Іх там няма. Улада аблажалася, кажучы мовай амерыканскіх фільмаў, і ў грамадстве пачалося фармаванне пратэстных паводзін. Самае цікавае яшчэ наперадзе", — заявіў ён.

«Мы бачым, як кансалідавалася грамадства, наколькі яно моцнае сёння. Мы бачым спалох кіраўніка дзяржавы. Удумайцеся, з 2 млн аўтааматараў на вуліцы выехалі 1,5 тыс., але гэтага сігналу хапіла для паніжэння цаны на паліва. «Стоп бензін» і страйк у Брузгах — толькі пачатак. Сапраўдныя пратэсты яшчэ наперадзе. Людзі будуць выступаць супраць росту цэн, таму што ўжо цяпер звыклы рацыён знізіцца. Нас чакае і рост беспрацоўя», — адзначыў эксперт, перадае «Салідарнасць».

Між тым прэс-сакратар незарэгістраванага Саюза палякаў на Беларусі Ігар Банцар паведаміў, што на пагранпераходзе «Брузгі» пратэстнай актыўнасці не назіраецца.

«Раніцай я перасякаў мяжу. На пад’ездзе да пераходу «Брузгі» стаялі супрацоўнікі ДАІ і правяралі кіроўцаў. Я спрабаваў іх распытаць, але яны адмовіліся даваць каментары. Па словах сустрэтых вадзіцеляў, сітуацыя на пагранпераходзе ўжо супакоілася. Дзіўна, але сам пераход практычна пусты. Ні адной машыны. Звычайна там калона з ахвотнікаў перасячы мяжу. На маёй памяці за 15 гадоў такога не было ні разу. На перасячэнне мяжы сышлі лічаныя хвіліны. Ля самога пераходу сустрэў машыну з АМАПам, якая ад’язджала ў бок Горадні», — сказаў ён.

Як раней перадаваў Тэлеграф, у Гарадзенскай вобласці на мяжы з Польшчай 12 чэрвеня кіроўцы перакрылі трасу да памежнага пераходу «Брузгі» на знак пратэсту супраць пастановы ўрада Беларусі аб забароне на вываз некаторых тавараў за межы краіны.

У страйку ўзяло ўдзел каля 200 чалавек. Пры разгоне акцыі 14 чалавек былі затрыманыя.

Как вам новость?