Заіка: быць закладнікам Беларусі не жадаюць ні Расія, ні Казахстан

25.05.2010 11:25
Архив Редакция

Эканаміст Леанід Заіка мяркуе, што тэлефонная размова прэзідэнтаў Расіі і Казахстана пра магчымасць стварэння Мытнага саюза ў рамках дзвюх краін, якая адбылася 23 траўня, паказвае на тое, што ні Расія, ні Казахстан не жадаюць быць закладнікам Беларусі. "Вось чаму Мядзведзеў, разумеючы, што далей будуць правалокі, дамовіўся з Назарбаевым, што яны будуць «маляваць» гэты саюз удваіх", — сказаў эксперт.

«А Беларусь, як захоча: будзе — дык будзе, не — дык не», — дадаў Леанід Заіка.  Па словах кіраўніка Аналітычнага цэнтра «Стратэгія», Беларусь у рамках Мытнага саюза хацела б атрымаць асаблівыя правы па ўжываных аўтамабілях і па нафце, купляючы расійскую нафту па ўнутраных коштах Расіі. «Гэта значыць, зарабляючы з першых жа дзён на Мытным саюзе тры-чатыры мільярды даляраў», — растлумачыў эксперт, перадае  «Завтра твоей страны».  
Акрамя таго, Леанід Заіка адзначыў, што нават Еўрасаюз у свой час дзейнічаў у селектыўным рэжыме. «Не ўсе краіны адначасова могуць уваходзіць у тыя ці іншыя сектаральныя ці сегментныя дамовы. Мне прыйшлося сустракацца са спецыялістамі па Мытным саюзе, я магу сказаць, што вельмі шмат дакументаў не гатова», — падкрэсліў спецыяліст. 
Па словах эксперта, розныя міністэрствы Казахстана, у першую чаргу, міністэрства сельскай гаспадаркі, толькі пачалі вывучэнне мытных пошлінаў, ніхто не ведае дададзенага кошту на асобныя віды прадукцыі.
Класкоўскі: Мінск тарпедуе планы Масквы па стварэнні Мытнага саюза
У сваю чаргу, палітолаг Аляксандр Класкоўскі лічыць, што дыялог паміж Дзмітрыем Мядзведзевым і Нурсултанам Назарбаевым лагічны, паколькі ён выцякае «з сумных для Крамля вынікаў нядаўняга паседжання прэм’ер-міністраў, на якім, па сутнасці, праваліліся разлікі на тое, што да першага ліпеня запрацуюць асноўныя механізмы Мытнага саюза». 
«А паколькі гэты праект для Масквы вельмі важны, і не толькі ў эканамічным плане, але і ў палітычным, расійскае кіраўніцтва цяпер пачынае зандаваць глебу для таго, каб «зарганізавацца на дваіх» з Астаной, калі беларускі партнёр у іх разуменні аказаўся недагавараздольным», — адзначыў эксперт. 
«Сутнасць супярэчнасцяў заключаецца ў тым, што для Беларусі галоўны інтарэс у тым, каб пад прыкрыццём Мытнага саюза атрымліваць адносна танныя энергарэсурсы з Расіі. А паколькі Расія «пакрыўдзіла» напачатку гады коштамі на нафту і настойліва паўтарае, што непазбежныя і еўрапейскія кошты на газ, то Беларусь заняла такую зацятую пазіцыю і фактычна на сённяшні дзень тарпедуе планы Масквы па стварэнні Мытнага саюза», — сказаў Аляксандр Класкоўскі.
Па словах аналітыка, пакуль яшчэ застаецца пляцоўка для гандлю, і расійскае кіраўніцтва перыядычна дае зразумець, што магчымыя варыянты і нейкія саступкі, але ў той жа час рыхтуе разам лідарам Казахстана план «Б». «Але і ў Мінску пакуль яшчэ разлічваюць на тое, што Масква здрыганецца і пойдзе на нейкія саступкі, паколькі існуюць выразныя і сур’ёзныя рызыкі для беларускага кіраўніцтва, — мяркуе палітолаг. — Гэта значыць, што яшчэ вастрэй устане пытанне з коштам на энергарэсурсы, што Беларусі яшчэ складаней будзе прасоўваць тавары на расійскі рынак». 
«Але разам з тым у беларускім кіраўніцтве дужэе перакананасць, што ад Масквы пернікаў больш не дачакаешся, і трэба займаць цвярдзейшую пазіцыю, таму што ўсё адно толку ад рэверансаў і саступак не будзе. Разлічваючы, з аднаго боку, на гандаль і саступкі, у Мінску ўжо практычна саспелі, што ў сітуацыі горшага развіцця сцэнара нават і пляснуць дзвярыма гэтага так і не створанага пакуль Мытнага саюза», — сказаў Аляксандр Класкоўскі.

Как вам новость?
Головоломки