Замежнікаў, якія пражываюць у Беларусі, унясуць у асобны банк дадзеных

21.07.2010 14:49
Архив Редакция

У Беларусі ствараецца цэнтральны банк дадзеных уліку замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, якія прыбываюць у краіну. Згодна з пастановай Савета міністраў у гэтую базу дадзеных унясуць пашпартныя дадзеныя (пол, узрост, прозвішча, імя і г.д.), месца пражывання ці часовага знаходжання грамадзянаў, а таксама некаторыя іншыя звесткі.

Закон аб прававым становішчы замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства і звязаныя з ім дакументы ўступаюць у сілу з 21 ліпеня, паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС.

Новая рэдакцыя закону мяняе парадак рэгістрацыі замежнікаў. Раней яны павінны былі зарэгістравацца па месцы свайго знаходжання ў рэспубліцы на працягу трох дзён (за выключэннем выходных і святаў). Па новых правілах гэты тэрмін падоўжаны да пяці дзён. Выключэнне складаюць грамадзяне Расіі, Літвы і Латвіі, якія могуць не рэгістравацца на працягу першых 30 сутак, паведамляе БелТА.

Новаўвядзенні закрануць і турыстаў. Цяпер яны могуць рэгістравацца па месцы першапачатковага часовага знаходжання на ўвесь перыяд свайго туру па Беларусі. У спіс арганізацыяў, якія маюць права рэгістраваць часова прыбылых у краіну замежнікаў, дадалі санаторна-курортныя і аздараўленчыя арганізацыі.

Істотна змянілі артыкул 56 згаданага закону, у якім агаворваюцца прычыны адмовы замежным грамадзянам ў выдачы дазволу на пастаяннае пражыванне. Яго не будуць выдаваць, калі маюцца дакументы і (або) звесткі, якія пацвярджаюць, што шлюб з грамадзянінам Беларусі альбо замежнікам, які пастаянна пражывае ў рэспубліцы, заключаны замежнікам выключна ў мэтах атрымання дазволу на пастаяннае пражыванне. Выяўляць такія фіктыўныя шлюбы дапаможа палажэнне аб парадку атрымання органамі ўнутраных спраў адпаведных звестак і дакументаў, якое ўступае ў сілу таксама з 21 ліпеня.

Палажэнне дакладна рэгламентуе дзейнасць міліцыі ў гэтай сферы, а таксама парадак збору доказаў і правядзення адпаведных праверачных мерапрыемстваў. Цяпер у супрацоўнікаў міліцыі і пракурорскіх працаўнікоў з’явіліся законныя падставы для пачатку судовага разгляду пытання аб прызнанні шлюбу фіктыўным. Калі суд прымае адпаведнае рашэнне, то дазвол на пастаяннае пражыванне замежніка анулюецца. Пры гэтым дзеянні праваахоўнікаў ні ў якім разе не будуць накіраваны на разбурэнне сям’і, адзначылі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС.

Как вам новость?
Головоломки