Занкаўца пакінулі на чале зборнай Беларусі па хакеі

27.05.2010 14:53
Архив Редакция

Выканкам Федэрацыі хакею Беларусі на сённяшнім паседжанні пагадзіўся з прапановай старшыні ФХРБ Яўгена Ворсіна даручыць штабу Занкаўца працу са зборнай. Праўда, пакуль не ясна, ці будзе ў штаце федэрацыі хакею ўведзена пасада галоўнага трэнера, паколькі Яўген Ворсін панаракаў на складаную фінансавую сітуацыю, у сувязі з чым ФХРБ пакуль не гатовая забяспечыць зарплату настаўніку.

Эдуард Занкавец, у штаб якога ўвайшлі таксама беларускія спецыялісты Уладзімір Цыплакоў, Аляксандр Андрыеўскі і Андрэй Гусаў, узначаліў нацыянальную дружыну ў красавіку, за месяц да старту чэмпіянату свету, які прайшоў у Нямеччыне 7-23 траўня. 
Нягледзячы на тое, што задача па выхадзе ў васьмёрку наймацнейшых камандаў на першынстве планеты выканана не была (зборная Беларусі заняла дзясятае месца), выканкам ФХРБ прызнаў выступ нацыянальнай дружыны здавальняючым — 11 галасоў «за», пяць — «супраць», астатнія ўстрымаліся. У пратаколе паседжання будзе адзначана, што задача на чэмпіянаце свету нацыянальнай дружынай выканана не была. 
Тым не менш, выканкам ФХРБ выступіў за працяг супрацоўніцтва з трэнерскім штабам Эдуарда Занкаўца, паведамляе БелТА. 
Мяркуецца, што праца цяперашняга штабу будзе доўгатэрміновай з прыцэлам на чэмпіянат свету 2014 года, які пройдзе ў Мінску. Зрэшты, Яўген Ворсін адзначыў, што працягласць працы цяперашняга трэнерскага штабу можа залежаць і ад вынікаў выступлення: «Даручэнне працы са зборнай — гэта не ахоўная грамата, мы павінны ўбачыць прагрэс. Акрамя таго, мы павінны несці адказнасць разам са штабам нацыянальнай дружыны». 
Што да, аплаты працы галоўнага трэнера, то пакуль не ясна на якой аснове Эдуард Занкавец будзе ўзначальваць зборную Беларусі. У яго сканчаецца кантракт у піцерскім клубе СКА. Члены выканкаму схіляюцца да таго, каб настаўнік нацыянальнай каманды быў вызваленым і не сумяшчаў працу ў зборнай і клубе. Аднак, падобна, фінансавыя магчымасці ФХРБ не дазваляюць прапанаваць Занкаўцу фінансавыя ўмовы, супастаўныя з тымі, што ён меў у Санкт-Пецярбургу. Таму было прапанавана ў структуры ФХРБ стварыць інстытут зборных, дзе будуць уведзены штатныя адзінкі галоўных трэнераў нацыянальнай, моладзевай і юнацкай камандаў. 
Што да асістэнтаў Эдуарда Занкаўца, то настаўнік прапанаваў аднаму з іх даручыць кіраўніцтва моладзевай зборнай. Цяпер двое асістэнтаў Занкаўца працуюць у клубах: Аляксандр Андрыеўскі — у мінскім «Дынама» і Андрэй Гусаў — у салігорскім «Шахцёры». Не выключана, што ў нейкім з беларускіх клубаў у гэтым сезоне будзе працаваць і Уладзімір Цыплакоў, які цяпер знаходзіцца без кантракту.

Как вам новость?