Затлерс: трэба развіваць прагматычнае супрацоўніцтва з Беларуссю

23.07.2010 08:52
Архив Редакция

Беларусі і Латвіі варта больш актыўна развіваць двухбаковае супрацоўніцтва. Пра гэта заявіў прэзідэнт Латвіі Валдзіс Затлерс у інтэрв'ю Першаму каналу беларускага тэлебачання. «Мы будзем працаваць на прагматычнае развіццё нашых двухбаковых адносінаў, і я думаю, што ў гэтым зацікаўленыя абодва бакі», — адзначыў кіраўнік суседняй дзяржавы.

Валдзіс Затлерс паведаміў, што на дадзены момант узровень узаемаадносінаў паміж краінамі не моцна развіты. Па яго словах, пакуль існуюць кантакты толькі на ўзроўні міністраў замежных спраў, працуе міжурадавая камісія, таксама актыўна развіваецца супрацоўніцтва памежных рэгіёнаў. «Гэта значыць вельмі шмат маленькіх крокаў», якія неабходна развіваць, каб паўсталі кантакты на вышэйшым узроўні, лічыць прэзідэнт Латвіі.

Кіраўнік суседняй дзяржавы станоўча ацаніў дзейнасць праграмы ЕС «Усходняе Партнёрства». «Гэта вельмі перспектыўны напрамак, таму што мы хочам свабодны візавы рэжым. Для гэтага неабходна стварыць умовы», заявіў Валдзіс Затлерс. Па яго словах, «кожная краіна, уключаючы Беларусь, мае свае мэты» ва «Усходнім Партнёрстве». І калі мэты вызначаны, то «будуць і поспехі, будзе і супрацоўніцтва», — заявіў прэзідэнт.

Таксама кіраўнік Латвіі назваў міфам прыгнёт рускамоўнага насельніцтва ў Латвіі. «Гэта адзін з міфаў. Тое, што засталося ў спадчыну, — гэта савецкая спадчына, гэта савецкі чалавек. Ён павінен пераступіць мяжу, каб стаць капіталістам. І гэта вельмі вялікая праблема. Гэта не мова. Гэта рэальна эканамічная праблема, праз якую проста трэба было пераступіць».

Па словах, Валдзіса Затлерса ў Латвіі пражывае больш за 80 тыс. беларусаў. «Гэта латвійскія беларусы. І яны не рускамоўныя. У іх ёсць свая школа (Рыжская Беларуская асноўная школа — Тэлеграф), якая падтрымліваецца дзяржавай », — заявіў прэзідэнт.

Таксама падчас інтэрв’ю, кіраўнік Латвіі закрануў сітуацыю ўнутры краіны, перш за ўсё, ва ўмовах выхаду з эканамічнага крызісу. «Усе нашыя поспехі, гэта поспехі Еўрасаюза», — заявіў ён, адказваючы на пытанне аб ролі Еўрасаюза ў вырашэнні праблемы выхаду з цяжкага эканамічнага становішча. Прычынамі ж крызісу Валдзіс Затлерс назваў эйфарыю, якая панавала ў грамадстве, і нежаданне слухаць еўрапейскіх экспертаў.

Акрамя таго, латвійскі прэзідэнт распавёў пра чатыры галоўныя задачы, якія неабходна выканаць у краіне: рашэнне дэмаграфічнай праблемы, разумнае кіраванні краінай, мадэрнізацыя эканомікі і ўмацаванне згуртаванасці грамадства.

Як раней паведамляў Тэлеграф, 15 ліпеня Першы тэлеканал беларускага тэлебачання паказаў эксклюзіўнае інтэрв’ю з прэзідэнтам Грузіі Міхаілам Саакашвілі, які падзякаваў Мінску за ўзважаную палітыку ў дачыненні да Абхазіі і Паўднёвай Асетыі і крытыкаваў Маскву за «незразумелыя патрабаванні» да яго.
 
Дадзенае інтэрв’ю выклікала рэзкую крытыку сярод расійскіх палітычных дзеячаў. Так першы намеснік старшыні камітэта Дзярждумы Расіі па аграрных пытаннях, член фракцыі КПРФ Мікалай Харытонаў заявіў, што «калі прэзідэнт Беларусі і далей будзе дэманстраваць падтрымку грузінскага дыктатара, то ён стане на шлях завяршэння свайго палітычнага жыцця».

А спікер Дзяржаўнай Думы Расіі Барыс Грызлоў расцаніў інтэрв’ю «як неміралюбны крок у дачыненні да Расіі».

Как вам новость?