Затрыманага ў Беларусі літоўскага паліцэйскага дапыталі спецслужбы Літвы

30.08.2010 11:18
Архив Редакция

Праз дзень пасля вяртання з Беларусі ротнага камандзіра муніцыпальнай коннай паліцыі пры Віленскім галоўным камісарыяце Лаймонаса Банкаўскаса дапыталі ў дэпартаменце дзяржаўнай бяспекі Літвы. "Гэта была стандартная працэдура. Усё ж такі літоўскі паліцэйскі. Гэта была проста гутарка, не затрыманне", — паведаміў прэс-сакратар ДДБ Вітаўтас Макаўскас.

Як паведаміў Лаймонас Банкаўскас, ён мае намер супрацоўнічаць са спецслужбамі. «Рэальна так і павінны паступаць (праводзіць расследаванне — Тэлеграф), паколькі гэта не шараговае здарэнне, я думаю, улады павінны рэагаваць, я сапраўды нічога не хаваю, чым змагу, тым дапамагу», — заявіў паліцэйскі, перадае Delfi.

У невінаватасці мужа ўпэўнена і ягоная жонка Тацяна, якая таксама вітае факт расследавання. «Літва — сур’ёзнае дзяржава, яны (спецслужбы — Тэлеграф) павінны ўсе праверыць і дзякуй Богу, што правераць! І вось тады мы разам з мужам будзем святкаваць», — заявіла Тацяна Банкаўскене, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

У той жа час, як сцвярджае паліцэйскі, яго вызвалілі па асабістым загадзе прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. «Запрасілі ў кабінет, афіцыйна прачыталі версію аб тым, што гэта «дабраахвотны жэст нашага прэзідэнта, з гэтай хвіліны я вольны», — заявіў Лаймонас Банкаўскас.

Сам паліцэйскі сваёй віны не прызнае. Па яго словах, наркотыкі яму падсунулі пры затрыманні. Лаймонас Банкаўскас заявіў, што ездзіў у Беларусь 16 гадоў і ўпершыню трапіў у поле зроку беларускіх службоўцаў толькі ў пачатку жніўня 2010 года. Праз пару тыдняў пасля першага агляду яго затрымалі і праз некалькі гадзін ператрусу яго машыны прадставілі «знаходку» — наркотыкі, заявіў паліцэйскі.

Як раней паведамляў Тэлеграф, Лаймонаса Банкаўскаса затрымалі на літоўска-беларускай мяжы 15 жніўня. Падчас дагляду аўтамабіля літоўскага грамадзяніна пад абіўкай пярэдняга пасажырскага сядзення знайшлі невялікі пакет з наркатычным рэчывам. Па выніках экспертызы высветлілася, што гэта метамфетамін вагой 45,5 грамаў. 25 жніўня камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі выпусціў затрыманага паліцэйскага на волю.

Как вам новость?
Головоломки