Затрыманы журналіст: білі брутальна і лаяліся матам

23.06.2011 11:40
Архив

Затрыманы 22 чэрвеня журналіст беларускай службы Радыё "Свабода" Алег Груздзіловіч паведаміў з міліцэйскага аўтобуса, што ўсіх затрыманых збівалі. "Каго яны затрымліваюць, прыводзяць сюды, але калі затрымліваюць, то вельмі брутальна. Білі па нагах, па руках, вось я без тэпця цяпер. Павялі, кінулі на падлогу, білі, збівалі, лаяліся матам", - распавёў ён.

«Пашкоджанняў вялікіх няма. Ужо цяпер я сябе нармальна адчуваю, але на падлозе прыйшлося паляжаць, пад ботамі міліцэйскімі прыйшлося пабыць. Тут у нас ужо карэспандэнт БелаПАН затрыманы, яшчэ чатыры чалавекі. Двух з іх калі заводзілі, проста вялі, збіваючы, у аўтобус, а потым ужо ў самім аўтобусе — больш-менш нармальна. Спачатку нам не дазвалялі сесці на лавы, трымалі ў праходзе, цяпер ужо дазволілі сесці нармальна», — адзначыў журналіст, паведамляе беларуская служба Радыё «Свабода».

«Я стаяў ля гэтай агароджы жалезнай і проста здымаў. Падышоў адзін міліцыянт, сказаў, каб я адышоў, не перашкаджаў людзям. Я наадварот сказаў, што я стаяў не на дарозе ў людзей, калі я пайду, то як раз буду перашкаджаць. І ў гэты момант ён мяне адштурхнуў, і тут падбег палкоўнік Яўсееў, і пачалася вось гэта бойка. Забралі, зламалі камеру, і мяне павялі. Гэта значыць, яны адразу былі нацэлены на тое, каб пры найменшай пагрозе яны забіраюць людзей, якія здымаюць, журналістаў. Такі быў, мабыць, загад: лавіць людзей, каб не было ніякай карцінкі. Першае патрабаванне тым, хто затрыманы, каго прыводзяць у аўтобус, то сцерці з тэлефонаў усё, што было запісана: відэа, фота», — распавёў Алег Груздзіловіч.

Ён таксама адзначыў, што супрацоўнікі міліцыі ніяк не рэагавалі на тое, што ён журналіст. «Тое што, «я журналіст» крычаў, і крычаў «Дапамажыце», ніяк не дзейнічала, не спыняла іх», — заявіў ён.

«У прынцыпе, тут ужо ідзе размова паміж затрыманымі і міліцыянтамі. Ідзе гаворка, калі гэта ўсё скончыцца і колькі трэба, каб выйшла людзей, каб гэта ўсё скончылася. Самі міліцыянты кажуць: «Вось калі, як у 91-ым годзе, выйдзе 100 тыс. рабацяг, тады гэта скончыцца, а пакуль мы павінны таксама выконваць загады», — сказаў ён.