Завяршаецца праект стварэння беларускага марскога флоту

30.09.2010 16:31
Архив Редакция

Праект па стварэнні беларускага марскога гандлёвага флоту набліжаецца да завяршэння. Уся нарматыўная прававая база сфармавана, праект адпаведнага ўказа ўнесены ва ўрад. «Усё зроблена для таго, каб праект па фармаванні беларускага марскога гандлёвага флоту канкрэтызаваць", — паведаміў міністр транспарту і камунікацый Беларусі Іван Шчэрба.

Пры гэтым міністр адзначыў, што ў працэсе рэалізацыі праекту кіраўнік дзяржавы вызначыць, у якім выглядзе будзе функцыянаваць флот. «Гэта можа быць сумеснае прадпрыемства, а можа быць замежнае», — удакладніў Іван Шчэрба, перадае БелТА.

Падводзячы вынікі пасяджэння беларуска-латвійскай міжурадавай камісіі па эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве, кіраўнік ведамства адзначыў, што падчас перамоваў абмяркоўваліся магчымасці супрацоўніцтва бакоў па праекце стварэння беларускага марскога гандлёвага флоту. У прыватнасці, Латвія гатова прапанаваць Беларусі свае порты для размяшчэння флоту. «У цяперашні момант размова ідзе аб Рыжскім порце», — дадаў Іван Шчэрба.

Шчэрба: мяжа паміж Беларуссю і Латвіяй будзе чыста візуальнай

Беларусь і Латвія маюць намер развіваць супрацоўніцтва па ўсіх напрамках, у тым ліку транспартным. «Мы дамовіліся, што на стыку транспартных шляхоў Беларусі і Латвіі ніколі не будзе перашкодаў. Транзіт усёй прадукцыі, якая будзе выраблена ў Латвіі і Беларусі, транспартнікі забяспечаць. Мяжа паміж дзвюма краінамі будзе чыста візуальнай, і нашы перавозчыкі не будуць мець бар’ераў, праходзячы мяжу за 5-10, максімум 15 хвілін», — расказаў міністр.

Бакі таксама абмеркавалі пытанні партнёрства ў дарожнай галіне. «Дасягнута дамоўленасць, што дарогі Беларусі і Латвіі будуць мець аднолькавую — першую катэгорыю», — падкрэсліў Іван Шчэрба.

Транспартнікі дзвюх краін у найбліжэйшы час прымуць меры для хутчэйшай арганізацыі пасажырскіх чыгуначных зносін паміж Мінскам і Рыгай, удасканалення сістэмы авіязносінаў. Паводле слоў Івана Шчэрбы, «тут не павінна дапускацца скарачэнне рэйсаў».

Міністр надаў увагу і магчымасцям супрацоўніцтва Беларусі і Латвіі па праграме «Усходняе партнёрства». «Мы будзем узаемадзейнічаць у рамках гэтай праграмы, у нас агульная мяжа — паміж ЕС і Мытным саюзам. Перамовы ідуць менавіта па гэтых пытаннях», — сказаў Іван Шчэрба. Абмяркоўваецца таксама магчымасць стварэння лагістычных цэнтраў з удзелам латвійскіх дзелавых колаў у Беларусі і наадварот, новых сумесных прадпрыемстваў, зборачных вытворчасцяў.

Как вам новость?