Жабко: Беларусь не праводзіць прыватызацыю дзеля прыватызацыі

18.03.2010 13:19
Архив Редакция

Беларускія ўлады разглядаюць прыватызацыю як спосаб прыцягнення стратэгічных інвестараў, якія могуць павялічыць эфектыўнасць беларускіх прадпрыемстваў, заявіў намеснік міністра эканомікі Беларусі Пётр Жабко 18 сакавіка на семінары-прэзентацыі ў Маскве "Інвестыцыйныя магчымасці Рэспублікі Беларусь: новы погляд, новыя магчымасці". "У Беларусі мы не праводзім прыватызацыю дзеля прыватызацыі", — адзначыў намглавы мінэканомікі.

Для стварэння спрыяльнага інвестыцыйнага клімату ў краіне ўлады ўдасканалілі сістэму падаткаабкладання, скарацілі лік ліцэнзаваных відаў дзейнасці, правялі лібералізацыю коштаўтварэння, увялі заяўны прынцып пры рэгістрацыі суб’ектаў гаспадарання, выразна рэгламентавалі ўмяшанне кантрольных органаў у працу бізнэсу, паведаміў першы намміністра эканомікі, перадае БелТА.

Прадпрынятыя ў Беларусі меры станоўча ацанілі Міжнародны валютны фонд і Сусветны банк. За апошнія два гады Беларусь узнялася на 60 пазіцый у рэйтынгу краін, прывабных для інвестыцый. Прэзідэнт Беларусі паставіў задачу ўвайсці ў трыццатку краін, прывабных для вядзення бізнэсу. «Гэта складаная, амбіцыйная задача, але мы яе вырашым», — заявіў Пётр Жабко.

У той жа час, адзначыў першы намглавы мінэканомікі, «для эканомікі Беларусі, якая стабільна развіваецца, паступленняў замежных інвестыцый недастаткова».

Семінар-прэзентацыя «Інвестыцыйныя магчымасці Рэспублікі Беларусь: новы погляд, новыя магчымасці» арганізавала міністэрства эканомікі пры падтрымцы пасольства Беларусі ў Расіі і Нацыянальнага інвестыцыйнага агенцтва. Мэта семінара — павелічэнне  прытоку інвестыцый з Расіі. У прэзентацыі прынялі ўдзел прадстаўнікі шэрагу расійскіх дзяржаўных і прыватных арганізацый, якія цікавяцца магчымасцямі вядзення бізнэсу ў Беларусі.

Арганізатары семінара праінфармавалі яго ўдзельнікаў пра новыя падыходы да лібералізацыі гаспадарчай дзейнасці і падвышэння інвестыцыйнай прывабнасці Беларусі. Яны распавялі пра тое, як зарэгістраваць прадпрыемствы ці купіць нерухомасць на тэрыторыі Беларусі, якія канкурэнтныя магчымасці беларускага рынку для патэнцыйнага інвестара, як правільна абраць эфектыўную схему рэалізацыі інвестыцыйнага праекта.

Как вам новость?
Головоломки