"Жалезны чалавек 2": фільм тыдня

03.05.2010 12:33
Архив Редакция

Больш весела і пафігістычна

За апошнія пяць гадоў жанр кінакоміксу перажывае не толькі чарговае адраджэнне, але і відавочны рэбрэндынг. Лепш за ўсё гэта выйшла ў рэжысёраў Крыстафера Нолана і Джона Фаўра. І калі Нолан у «Бэтмэне: Пачатак» і «Цёмным рыцары» ўзяў на ўзбраенне прынцып «больш змрочна і рэалістычна», то Фаўра зрабіў «Жалезнага чалавека» больш рэалістычна і… больш весела. А сіквел фільму, які толькі што выйшаў на экраны — яшчэ весялейшы. І больш пафігістычны.

Хаця цалкам пазбавіцца ад уплыву эталоннага «Цёмнага рыцара» ў «Жалезнага чалавека 2» не атрымалася. Мікі «Рурскі» Рурк (які грае злодзея Івана Ванко) пару разоў злавесна «ўключае Джокера». Але, на шчасце, зусім ненадоўга, большую частку экраннага часу адкрыта гарэзуючы ў сваім вобразе. Гарэзуюць у гэтым фільме наогул усе, пачынаючы ад гіперхарызматычнага Роберта Даўні-малодшага і заканчваючы самім Джонам Фаўра, які зноў выканаў ролю ахоўніка Тоні Старка.

Вялікія акторкі Гвінет Пэлтроў і Скарлет Ёхансан даўно не выглядалі ў «сур’ёзных» фільмах так арганічна, як у гэтым легкадумным блокбастары. Гераіня Скарлет на імя Наташа працінае мужчынам сэрцы спачатку ў пераносным, а затым і ў прамым сэнсе. Персанаж Гвінет на імя Пепер становіцца ўдзельніцай самага хуткага ў гісторыі «фінальнага выратавання сяброўкі галоўнага героя». Гледзячы ж на зорку артхауса Сэма Рокуэла ў ролі злодзея другога плану, заўважаеш, як ён рады апынуцца ў такім «папкорнавым кіно».

«Жалезны чалавек 2» з пэўнасцю ўвойдзе ў кагорту тых фільмаў, якія прыемна пераглядаць па некалькі разоў з любога моманту. Апошняе, праўда, сведчыць і пра правіслы сюжэт карціны. Але што гэты недахоп у параўнанні з фінальнай бойкай Жалезных людзей у японскім садзе камянёў! Ці з эпізодам у пончыкавай крамцы, у якім удзельнічаюць нізенькая дзяўчына ў латэксным касцюме, мужчына сярэдняга веку ў размаляваных даспехах і кіраўнік спецслужбы з павязкай на воку.

Нават калі на экране адбываецца абсалютная бязладзіца, яна не перастае здавацца звыш ачаравальнай. А тут яшчэ то шчыт Капітана Амерыкі ў кадры прамільгне, то молат Тора… Нават калі цяпер «Жалезны чалавек 2» не спадабаецца, то гадоў праз пятнаццаць, мабыць, ужо будзе праходзіць па катэгорыі «вось умелі ж раней здымаць». Тоні Старк — сапраўдны Джэймс Бонд сярод шматлікай плеяды Джэймсаў Блантаў.

Віктар Пазнякоў, Telegraf.by

Как вам новость?
Головоломки