Жан Клод Ван Дам не прыедзе на здымкі ў Беларусь

13.08.2010 14:30
Архив Редакция

Прадстаўнікі амерыканскай кампаніі Motion Picture Corporation of America (MPCA) адмовіліся ад здымак фільму з удзелам зоркі Галівуду Жан Клода Ван Дама на базе "Беларусьфільма". Прычынай таму паслужыла няздольнасць беларускага боку ў сціснутыя тэрміны забяспечыць рэалізацыю такога маштабнага праекту.

Ідэя правесці здымкі ў Мінску ўзнікла пасля таго, як «Беларусьфільм» наведаў заснавальнік кампаніі MPCA Брэд Крэвой. Амерыканец застаўся задаволены тым, што ён убачыў у Беларусі, і прыняў рашэнне аб здымках чарговага баевіка з удзелам Ван Дама пад працоўнай назвай «Зброя». Аднак намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці і планаванні кінастудыі «Беларусьфільм» Іван Колб заявіў, што фільм у Беларусі здымаць усё-ткі не будуць, паведамляе «Народная воля».

«Каб рабіць такія праекты, трэба прымаць рашэнне не на працягу трох дзён, а хаця б за месяц. Трэба было выслаць сцэнар, каб мы ўсе вывучылі, выказалі нейкія свае прапановы, пралічылі каштарыс фільму. А тут ледзь не за тры дні ўсё трэба было вырашыць. Сцэнар мне даслалі па электроннай пошце толькі пасля іх ад’езду ў Амерыку, і трэба было тэрмінова скласці каштарыс без іх удзелу. Пры гэтым не вядома, якія будуць акторы, хто аператар і гэтак далей», — адзначыў намдырэктара «Беларусьфільма».

Колб: у нас нельга падрываць бензазапраўкі і страляць на вуліцы

Па словах Івана Колба, для здымак амерыканскага фільму патрабавалася ў сціснутыя тэрміны пабудаваць вельмі шмат дэкарацыяў. «Яны хацелі скарыстацца тым, што ёсць, разбурыць усё і з’ехаць, як быццам прыехалі да дзікуноў, якія будуць радавацца чаму заўгодна. А ў нас нельга падрываць бензазапраўкі і страляць на вуліцы, хай нават і халастымі набоямі. Нам трэба час, каб атрымаць спецыяльны дазвол», — падкрэсліў намеснік дырэктара «Беларусьфільма».

Іван Колб упэўнены, што моцна шкадаваць з нагоды адмовы ад такога сумнеўнага праекту не варта. Амерыканскі бок перыядычна выказвае сваё жаданне здымаць у Беларусі. Калі ўмовы «Беларусьфільма» будуць прывабнымі, то можна чакаць і сумесных праектаў з усімі выцякаючымі сумеснымі планамі, а галоўнае — прыбыткамі. Па сцвярджэнні Івана Колба, абмеркаванне такіх праектаў цяпер вядзецца.

Как вам новость?