Жанчыне пагражае крымінальнае пакаранне за хабар у 20 еўра

02.03.2011 17:01
Архив Редакция

Супрацоўнікі Берасцейскай мытні спынілі чарговую спробу дачы хабару, паведаміў намеснік начальніка мытні Міхаіл Бань. У пункце мытнага афармлення "Макраны" праваахоўнікі затрымалі жыхарку Берасця, якая спрабавала даць інспектару 20 еўра, каб той не праводзіў мытны дагляд яе легкавога аўто. За гэтую правіну жанчыне пагражае крымінальнае пакаранне, нават да пазбаўлення волі.

Як растлумачыў намеснік начальніка Берасцейскай мытні, купюру ў 20 еўра жанчына ўклала ў дэкларацыю, якую пасля прад’явіла інспектару пры даглядзе яе аўтамабіля. Пільны інспектар выклікаў супрацоўнікаў Маларыцкага РАУС, і мытны дагляд аўто быў праведзены ўжо ў іх прысутнасці. У ходзе агляду ў машыне знойдзены незадэклараваныя тавары. Па сваім характары і колькасці іх нельга было аднесці да тавараў для асабістага карыстання, таму ў іх мытным афармленні жанчыне было адмоўлена, а тавары былі вернутыя за межы мытнай тэрыторыі Беларусі, перадае БелТА.

Берасцека не стала адмаўляць сваёй віны і прызнала, што знарок уклала ў дэкларацыю грошы, каб адкупіцца ад інспектара. Між тым, за дачу хабару, паводле беларускага заканадаўства, прадугледжана крымінальная адказнасць да пазбаўлення волі на тэрмін да пяці гадоў.

Міхаіл Бань адзначыў, што, нягледзячы на высілкі па процідзеянні патэнцыйным хабарадаўцам, правакацыі ў дачыненні да супрацоўнікаў мытні працягваюць мець месца. Па словах намначальніка Берасцейскай мытні, для барацьбы з гэтай праблемай рэалізуецца цэлы комплекс мер, мэтай якіх з’яўляецца фармаванне ў службовых асобаў антыкарупцыйнай свядомасці, прынцыповага падыходу па спыненні разнастайных спробаў уручэння ім незаконных узнагародаў.

Толькі ў 2010 годзе берасцейскімі мытнікамі выяўлена і спынена 116 спробаў перадачы незаконных грашовых узнагарод — гэта ў тры разы больш, чым у 2009 годзе. Найбольш буйныя факты выяўлены супрацоўнікамі мытні ў пунктах мытнага афармлення «Домачава», «Варшаўскі мост», «Казловічы», дзе ў прад’яўленых дакументах выяўляліся купюры вартасцю ад 10 да 100 еўра. Між тым, з пачатку года супрацоўнікі Берасцейскай мытні зафіксавалі ўжо 27 спробаў перадачы незаконных грашовых узнагародаў.

Как вам новость?